Дзеясловы загаднага ладу з канчаткам -ма (-мо), уласцівыя асабліва гаворкам поўдня і захаду Беларусі, шырока ўжываліся ў літаратурнай мове 1910–1920-х, калі стваралася «Новая зямля».
«Кіньма жа думкі аб долі гаротнай», пісаў, напрыклад, Багдановіч.
У нас любяць паўтараць выказванне сусветнай славутасці, што наша мова ў найбольшай чысціні захавала агульнаславянскае, спрадвечнае. А як даходзіць да рэальнай патрэбы прызнаць нарматыўнасць якога-небудзь спецыфічнай беларускай моўнай з’явы, то хутчэй спяшаемся аднесці іх да ўстарэлых або дыялектных.
Гэтак Павел Шуба ў дапаможніку для студэнтаў «Сучасная беларуская мова. Марфаналогія. Марфалогія» (1987) узяў ды абвясціў форму на -ма: хаваймася, ежма, станьма, дайма — «дыялектнай». Гэта была форма русіфікацыі: выцясняць з нормы ўсе граматычныя формы, што не супадалі з расейскімі.
Нягледзячы на такія спробы, пісьмова-літаратурная івусна-гутарковая практыка беларускага народа збольшага захавала спрадвечнабеларускія выразы, у тым ліку для выказвання загаду, пажадання, просьбы. І што надта важна, гэтае зберажонае, захаванае ўсё часцей бярэцца да ўжытку.
Людзі! Ратуйма нашых дзяцей (Маладосць. 1994. № 6).
Усё на свеце павучальна. Не лянуймася вучыцца (Звязда.15.10.1993).
Не спяшаймася секчы (Мінская праўда. 20.09.1990).
Не забываймася, што Ісламская рэвалюцыя таксама доўжылася амаль паўтара года (Наша Ніва. 24.06.2009).
Лунае высокае рэха: яднаймася! (Н.Мацяш).
Ну, браткі-беларусы! Павіншуймася і з гэтай нагоды (Н.Гілевіч).
Згадайма такія цэнтры, як «Менск», «Полацк» (В.Скарабагатаў).
Загляньма ў раздзел [кнігі]… (Л.Корань).
Спяшаймася! Пойдзем лесам да ракі (М.Лынькоў).
Станьма, брацця, у шых паходны (Алесь Гарун).
Варта адзначыць: форма загаднага ладу з канчаткам -ем (-эм) таксама правільная і беларуская, і ўжываць яе зусім нармальна.
У сваім доме навядзем парадак самі (ЛіМ. 17.05.1991).
Але набярэмся смеласці і… спусцімся ў лёхавую частку дома (Звязда. 14.01.1992).
Зберажэм усё роднае (Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991. № 1).
Азірнемся, напрыклад, на Польшчу (Крыніца. 2001. № 3).
Бярэмся, унучак. Пакуль той рух, пакуль паз’язджаюцца… дык мы і зробім яшчэ сёе-тое (Ф.Янкоўскі).
Але зірнем з дарогі ўправа (Якуб Колас).
У некаторых дзеясловаў формы 1-й асобы множнага ліку абвеснага і загаднага ладу супадаюць: рэжам, спяваем, прысядзем. Гэтыя дзеясловы ўтвараюць таксама формы загаднага ладу з дапамогай канчатка -ма: рэжма, спявайма, прысядзьма.
Дзеяслоўныя формы з канчаткам -ма — патрэбныя, адметныя, яны вызначаюць самабытнасць роднай мовы і служаць захаванню яе сістэмы.
Таму на заканчэнне хочацца пераадрасаваць усім нам, носьбітам і захавальнікам роднай мовы, словы Янкі Купалы:
Дык любімася, суседзі,
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі.
Крыніца: nn.by
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…