Грамадства

Брэст: дэпутатаў заклікаюць садзейнічаць увядзенню малога памежнага руху

У Брэсце распачаты збор подпісаў пад зваротам да нядаўна абраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад гэтага гораду (Віктара Валюшыцкага, Валянціна Мілашэўскага, Ларысы Багдановіч, Уладзіміра Базанава), а таксама да Уладзіміра Пузырэўскага і Аляксандра Юркевіча, чые выбарчыя акругі таксама ўваходзяць у 50-кіламетровую тэрыторыю на беларуска-польскім памежжы. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Па словах аднаго з арганізатараў збору подпісаў Ігара Маслоўскага, падставай для такога звароту сталася тое, што дагэтуль не дзейнічае прыняты амаль два гады таму закон, які дае права жыхарам згаданай тэрыторыі на бязвізавае перасячэнне мяжы з Польшчай.

“Гэтая тэма ўздымался падчас мінулай выбарчай кампаніі і мы бачылі, што практычна ўсе, з кім размаўлялі на агітацыйных пікетах, выступаюць за хуткую рэалізацыю пагаднення аб малым памежным руху з нашымі заходнімі суседзямі, – паведаміў Маслоўскі. – Таму дадзены зварот адрасаваны ў першую чаргу абраным дэпутатам, каб яны на справе прадэманстравалі, што гатовыя садзейнічаць вырашэнню пытанняў, якія хвалююць выбаршчыкаў”.

У звароце, пад якім распачаты збор подпісаў, утрымліваецца просьба да дэпутатаў накіраваць ва ўрад Беларусі запыт аб неабходнасці зрабіць тэрміновыя меры па рэалізацыі закона “Аб ратыфікацыі дамовы паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Польшча аб правілах памежнага руху”. Аўтары звароту ўпэўнены, што практычная рэалізацыя гэтага закона будзе спрыяць наладжванню эканамічных, культурных і турыстычных сувязяў памежных тэрыторый дзвюх краін і прынясе ўзаемную выгаду беларускаму і польскаму народам.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ