Грамадства

Брэсцкія ўлады ігнаруюць просьбы пра паляпшэнне транспартнага абслугоўвання

Жыхары абласнога цэнтру ніяк не могуць дамагчыся, каб аўтобусны парк №1 г.Брэста скарэктаваў рух грамадскага транспарту, які тычыцца мікрараёнаў Граеўка і Бярозаўка. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Як паведаміла старшыня брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка, з адказу на калектыўны зварот, атрыманага ад дырэктара аўтобуснага парка Уладзіміра Кічкайлы, вынікае, што расклад змяніць немагчыма, бо ён зроблены пад рэжым працы прадпрыемстваў і арганізацый горада, а таксама пад прыбыццё і адпраўленне прыгарадных цягнікоў.

“Але ж людзі ў сваім звароце і звярталі ўвагу, што пасля прыбыцця вечаровага цягніка з Мінску не магчыма даехаць гарадскім аўтобусам у згаданыя мікрараёны, – заўважае Людміла Дзенісенка. – Атрымліваецца, што колькі людзі не звяртаюцца, іх просьбы ніхто не збіраецца ўлічваць”.

Актывістка “Справядлівага свету” адзначае, што такія рэчы набываюць сістэмны характар і таму патрабуецца ўмяшальніцтва вышэйшых інстанцый, бо брэсцкія гарадскія ўлады фактычна ўхіліліся ад вырашэння праблем гарадскога грамадскага транспарту і не рэагуюць належным чынам на просьбы гараджан удасканаліць расклад руху аўтобусаў.

Крыніца: spring96.org

 

Пакінуць адказ