“Дай споку!” казала мая бабуля, калі я ў дзяцінстве не вельмі прылежна сябе паводзіла. Спакой гурту “Дай дарогу” можа толькі сніцца. Пасля таго як шэраг выступаў музыкаў быў забаронены было зацішша. Але зараз новыя “траблы”, на Юру Стыльскага падалі ў суд! Падарабязнасці ад tuzin.fm.
Як стала вядома Tuzin.fm, начальнік аддзелу па справах моладзі Берасьцейскага гарвыканкаму Тацяна Барышчык падала ў суд на лідэра гурта «Дай дарогу!» Юрыя Стыльскага. Чыноўніца сьцьвярджае, што музыкант зьняважыў яе гонар і годнасьць. Музыкант тлумачыць: менавіта гэтая асоба мае дачыненьне да забаронаў канцэрту гурта.
Зьнешне выглядала, што канфлікт паміж берасьцейскім гуртом «Дай дарогу!» і начальнікам аддзелу па справах моладзі гарвыканкаму Тацянай Барышчык зноў перайшоў у латэнтную фазу. Пасьля шэрагу адменаў, каманда Юры Стыльскага ўрэшце дала цалкам легальны канцэрт у мясцовым клюбе «Сфэра». Але аказалася, што пакрыўджаная публічнымі выказваньнямі Стыльскага чыноўніца ў дадзены момант судзіцца з музыкам.
Усё пачалося з адмененага ў Берасьці канцэрту «ДД!». Адміністрацыя клюбу дала зразумець, што дзейнічае не зусім па сваёй волі, і таму музыкі прычыны адмены лягічна пачалі шукаць вышэй. Яны асабліва не сумняваліся, што руку да гэтага прыклалі начальнік гарадзкога ідэалягічнага аддзелу Ала Старыкевіч і Тацяна Барышчык, якая, як кажуць мясцовыя музыкі, мае да Стыльскага даўнюю антыпатыю. Што ня дзіўна, улічваючы, што Юрка прысьвяціў ёй цэлы выпуск свайго «Дай дарогу TV!», дзе ў рэпартажнай форме распавёў, як чыноўніца аднойчы запрасіла гурт на канцэрт, а пасьля выключыла яго з праграмы. Яе «картоннае» слова Стыльскі супрацьпаставіў свайму жалезабэтоннаму.
Але ня толькі гэтая даўняя гісторыя прымушала «ДД!» бачыць прычыну адмены канцэрту ў названых асобах. Гурт дакладна ведаў, што гарвыканкам ня вельмі жадаў яго бачыць на фэстывалі Men’s Fest, дзе ён быў хэдлайнэрам. Музыкам было вядома, што найбольш упіраліся рогам менавіта Барышчык і Старыкевіч, хоць на абласным узроўні ўсё ўжо было вырашана. Удзел у фэстывалі ўрэшце рэшт адбыўся, а вось канцэрт адмянілі. Усё выглядала на помсту. Гурт гэтага цярпець ня стаў (нібы ён і не зь Беларусі) і распачаў цэлую кампанію ў сацыяльных сетках супраць чыноўніц, падрабязна інфармуючы пра ўсе кантакты зь імі.
Начальніца аддзелу па справах з моладзьдзю даведалася пра гэта неадразу. А калі даведалася, не адразу адрэагавала. Можна было падумаць, што яна вялікадушна даруе неразумным музыкам, якія, не маючы цьвёрдых доказаў, засыпалі яе публічнымі папрокамі. Ад камэнтароў яна таксама адмаўлялася, але з нагоды інтэрвію для мясцовай газеты выказалася, што за сытуацыяй сачыць ёй цікава, што ня мае паўнамоцтваў забараняць канцэрты і што музыкі маюць права на свае меркаваньні. «Праўда, маглі б спачатку прыйсьці на размову, а пасьля ўжо абвінавачваць», — зазначыла чыноўніца. Інтэрвію, дарэчы, у газэце так і не зьявілася, паколькі Тацяна Сяргееўна не дазволіла ўключыць дыктафон, сказаўшы, што пасьля таго, як у кабінэт з уключаным дыктафонам прыйшоў Стыльскі, падобнай тэхніцы больш не давярае. Усё заблыталася і канчаткова перастала быць ясна, хто вінаваты, а хто не, хто распачаў канфлікт, а хто павёўся. Але бакі паваявалі ды прыціхлі, «Дай дарогу!» пачаў рыхтавацца да новага канцэрту ў Берасьці, які мусіў быць паказальным.
Канцэрт адбыўся, пра нейкія складанасьці на сайце гурта ці на старонцы Стыльскага ні слова. Здавалася б, канфлікт на гэтым вычарпаны. Але стала вядома, што Тацяна Барышчык падала ў суд на Юрыя Стыльскага за зьнявагу гонару і годнасьці. Вядома ўжо, што прайшлі тры судовыя паседжаньні з гэтай нагоды, але вырак суд пакуль ня вынес. Музыканты да заканчэньня працэсу вырашылі не даваць аніякіх камэнтароў з гэтай нагоды.
Крыніца: tuzin.fm
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…