Грамадскія актывісты з Бярозы і Пружан праехалі дарогай смерці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Гэта трохкіламетровая дарога з Шэрашава ў Купічы, дзе ў 1863 годзе карнікі Мураўёва расправіліся з паўстанцамі. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Па словах мясцовага краязнаўцы Івана Здановіча, беларускія патрыёт былі тут павешаны на шыбеніцах паабапал дарогі.
Актывісты паставілі на дарозе запаленыя памінальныя знічы з планшэтамі, дзе растлумачылі, што гэта ў гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.
Як сказаў былы ваенны з Пружан Аляксандр Жарко, ён не ведаў пра дарогу смерці і думаў, што паабал дарогі ад Капуі да Рыма вешалі толькі спартакаўцаў у старажытным Рыме. Але аказалася, што і ў нас у Беларусі 150 гадоў таму расійскія карнікі скарысталіся гэтай практыкай.
Улады таксама не засталіся ўбаку ад гэтай падзеі. Падчас запальвання знічаў да актывістаў наведалася міліцыя, нібыта шукаючы злодзея. Падчас вяртання назад усе машыны былі затрыманы супрацоўнікамі ДАІ, перапісаны прозвішчы кіроўцаў і месцы іх працы.
Крыніца: spring96.org