Грамадства

Яшчэ аднаму прафсаюзнаму актывісту на “Граніце” пагражаюць звальненнем

Гэтым разам адміністрацыя прадпрыемства настойліва шукае парушэнні ў працы памочніка экскаватаршчыка Леаніда Дубаносава, які з’яўляецца сябрам мясцовай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

На мінулым тыдні на працоўнае месца Дубаносава рэгулярна прыходзіла адмысловая камісія, якая цягам аднаго дня прымусіла рабочага скласці две тлумачальныя даведкі пра нібыта выяўленыя хібы ў ягонай працы. Па словах Дубаносава, парушэнні складаліся ў тым, што “кабель не там ляжаў, рукавіцы пратэрмінаваныя, анучы не там ляжалі – займалі праход”.

Леанід Дубаносаў, які працуе на “Граніце” амаль 20 гадоў і дагэтуль не меў ніякіх заўваг ад кіраўніцтва прадпрыемства, лічыць, што цяперашняя актыўнасць адміністрацыі звязаная з тым, што ягоны працоўны кантракт сканчаецца 2 траўня. Паколькі Леаінд збіраецца сыходзіць у адпачынак, спагнаненне яму хочуць вынесці зараз, каб пазней (за месяц да заканчэння кантракта) абвесціць, што працоўныя адносіны з ім не будуць працягнутыя з-за знойдзенных парушэнняў.

Раней Леаніду Дубаносаву неаднаразова прапаноўвалі дабраахвотна адмовіцца ад удзелу ў незалежным прафсаюзным руху, аднак ён рабіць гэта не збіраецца. Пазней памочніка экскаватаршчыка папярэдзілі, што ў выніку працягу прафсаюзнай дзейнасці Леаніда пазбавяць працы на “Граніце”.

– Начальнік гранітнага кар’ера Юрый Сушко ўжо паўгоды мне казаў, што калі не выйду з незалежнага прафсаюза, то мяне звольняць. Так проста і казаў, толькі прасіў, каб нікому не распавядаў, маўляў, каб даў дапрацаваць да пенсіі. А для Сушко такое негалоснае заданне даў генеральны дырэктар прадпрыемства Эдуард Гаўрылковіч.

Леанід Дубаносаў будзе абскарджваць незаконныя спагнанні, але ў яго няма веры на аб’ектыўны разгляд справы, улічваючы папярэдні вопыт яго звольненых сябраў па прафсаюзу. Іх чацвяра не паслухалася шэльмавання кіраўніцтва і не выйшла з незалежнага прафсаюзу: Стахаевіч, Паўлоўскі, Пашэчка і Карышаў. Цяпер чарга за Дубаносавым, які таксама не збіраецца пакідаць незалежны прафсаюз. Хаця цяпер ёсць што страчваць. Дзякуючы змаганням сябраў незалежнага прафсаюза, заробак на прадпрыемстве вырас з 3–4 да 15 млн. рублёў.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ