Як студэнту БНТУ з’ехаць на 10 месяцаў вучыцца ў Венгрыю, купацца пад снегам, вечарамі слухаць джаз і тлумачыць месцічам, дзе Беларусь – чытайце гісторыю Петры Сванг *.
Петра навучаецца ў Будапешцкім універсітэце тэхналогіі і эканомікі (Budapest University of Technology and Economics) па праграме Event.
З БНТУ ў ВМЕ
З нашай ВНУ вельмі няшмат людзей ездзіць навучацца за мяжу. Чаму? Ніхто асабліва не цікавіцца. Па ўніверсітэце віселі абвесткі, але людзі ініцыятыву не выяўлялі. Калі мы з’ехалі, знаёмыя пачалі закідваць лістамі: “Як? Гэта ж немагчыма!”
Я рэгулярна заходзіла на факультэт міжнароднай працы і пытала, якія ў іх ёсць праграмы па абмену. Урэшце мне распавялі пра гэты праект. Была яшчэ адна праграма, але ў ёй маглі ўдзельнічаць збольшага студэнты эканамічных спецыяльнасцей.
Нашая праграма ўпершыню рэалізуецца ў Беларусі, і мы піянеры:) Ніхто з адміністрацыі не меў панятку, як з гэтым працаваць, як правільна афармляць дакументы. Першая рэакцыя адміністрацыі факультэта: “Такая праграма па абмену – гэта ў прынцыпе немагчыма!” Было шмат арганізацыйных цяжкасцяў.
Нас не хацелі адпускаць на дзесяць месяцаў без акадэмічнага адпачынку. Маўляў, каб на паў гады – яшчэ можна. Дэканат, здаўся, напэўна, дзякуючы таму, што рэктар зацікаўлены ў гэтай праграме – яна падвышае статус універсітэта. Пасля таго, як ён паўплываў на пытанне зверху, да нас адразу па-іншаму пачалі ставіцца. Але мы яшчэ не ведаем, як нам перазалічаць прадметы, калі мы вернемся.
“Тут я атрымліваю большае задавальненне ад навучання”
У вольны час у Венгрыі мы ходзім на канцэрты, выставы – тут вельмі развітае, насычанае і разнастайнае культурнае жыццё: шмат галерэяў, музеяў. Ёсць джаз-клуб, дзе кожны дзень праходзяць канцэрты розных бэндаў. І гэта нядорага: для студэнтаў уваход 3 еўра. У 5 хвілінах хады ад нашай хаты Цэнтр сучаснага мастацтва, дзе амаль кожны дзень цікавыя пастаноўкі.
Тут я атрымліваю большае задавальненне ад навучання: у нас вельмі добрыя выкладчыкі. Выкладчыкі для замежнікаў выкладаюць на англійскай, і яны апрыёры больш высокага ўзроўня. Я не чула, каб хтосьці з выкладчыкаў скардзіўся на сваю працу.
У навучанні адрозніваецца падыход. Галоўнае – тое, што выкладчыкі тут больш практыкі, чым тэарэтыкі. Галоўны лектар па прадмеце запрашае на кожную новую лекцыю архітэктараў, адмыслоўцаў з розных сфер.
Мы рабілі не два праекты за семестр, як звычайна, а адзін. І вельмі шмат часу надзялялася перадпраектнаму аналізу: у БНТУ ніколі не было, каб два месяцы займаліся зборам інфармацыі, спробамі працаваць па аднаму і ў групах.
Расклад у нас троху дзіўны: учора былі пары ад 8 да 8, а сёння іх няма. Спіс прадметаў, якія можна вывучаць, досыць шырокі – псіхалогія, венгерская – але выбіраеш іх ты сам.
Мы бяром толькі па спецыяльнасці і тыя, якія нам, магчыма, перазалічаць на Беларусі. Можна ўзяць усе прадметы не па спецыяльнасці, але студэнт ад гэтага проста будзе навучацца больш – некаторыя дысцыпліны абавязковыя.
Ізноў пра грошы: стыпедыя, квартэра і La costa
Стыпендыя нашая – 1000 еўра. Гэтага хапае: Венгрыя – не Нарвегія. Але медыцына тут вельмі дарагая, калі ў цябе няма страхоўкі. Кошты на ежу не надта адрозніваюцца ад беларускіх; вопратка танней, таму што ў Беларусі шмат якіх моладзевых марак адзення няма, а тут шмат і розных, увесь час зніжкі (зімовыя боты La costa на зніжцы – 35 еўра). Зарабляць 800 еўра тут лічыцца вельмі добра.
Здымаем кватэру за 500 еўра на месяц (з камунальнымі паслугамі і сецівам). У нашай кватэры адна спальня і адзін аб’яднаная заля з кухняй. Знаходзіцца ў самым цэнтры – тры хвіліны да метро, дзве да трамвая, дзесяць да універа. Размяшчэнне проста ідэальнае – нам пашанцавала. Ёсць унутраны дворык. Шукалі праз агенцыю, і нам гэта нічога не каштавала – там, верагодна, аплочвае паслугі той, хто здае, аплочвае паслугі.
Будапешт-горад без паліцэйскіх
Будапешт – проста выдатны горад, я ў яго закахалася з першых дзён. Кампактны і прыгожы. Я радая, што вывучаю архітэктуру на такім прыкладзе.
Паліцэйскіх амаль няма – першы раз іх пабачыла праз 3 месяцы пасля таго, як прыехала. Напэўна, гэта добры паказнік. У горадзе, падаецца, бяспечна. Ёсць, праўда, адзін раён недалёка ад цэнтра, дзе пражываюць у асноўным эмігранты і людзі не самыя забяспечаныя. Туды ўвечары з дарагой відэакамерай лепш не хадзіць.
Яшчэ асаблівасць горада ў тым, што развіты малы бізнэс і на першых паверхах усіх вуліц маленькія крамы, кавяранькі.
У Венгрыі вельмі шмат гарачых падземных крыніц і падземных лазняў. Пасля здачы экзамена ці праекта з аднагрупнікамі мы ідзём адмакаць. Гэтага будзе не хапаць. Басейны ў т.л. могуць быць пад адкрытым небам. У гарачай вадзе там не халодна нават калі ідзе снег. Ты выходзіш з распраналкі, у купальніку бяжыш і скачаш туды, ні пра што не думаючы.
Мяне здзівіла колькасць бамжэй, якія жывуць на вуліцах; тое, што паліцыя не звяртае на іх ніякай увагі, яны зімой і летам у пераходах спяць у спальных мяшках штабелямі. Я не даю гэтаму сваёй ацэнкі, але тут шмат бяздомных, і некаторыя кажуць, што гэта рыса нацыянальнага характару: ёсць вельмі шмат прытулкаў, але людзі абіраюць ночыць на вуліцы. Яны не агрэсіўныя, яны проста просяць міласціну; бывае, ладзяць канцэрты, граюць на электрагітарах, спяваюць.
Дзе гэта – Беларусь?
Да беларусаў ставяцца някепска. Пытаюць, ці адрозніваецца беларускай ад расейскай і на якой мы размаўляем. Калі кажаш, што большасць насельніцтва размаўляе па-расійску і ва ўніверсітэце выкладаецца таксама на ёй, то ўсе вельмі здзіўляюцца. Нярадасна такое расказваць, але падманваць жа не будзеш.
Калі знаёмішся, кажаш:
– I’m from Belarus.
– Sorry, from where?
– From Belarus.
І тыя, хто больш сціплы, замаўкаюць, а тыя, хто не саромеецца, пытаюць:
– Where is it?
І пасля таго як ты растлумачыш, што гэта між Украінай, Літвой і Расіяй і ўвогуле ў цэнтры Еўропы, не кажуць, што ты руская.
Тут добра разумеюць па-англійску. Не тое каб усе, але заўсёды пойдуць насустрач. У мяне праблем з англійскай не было: у Мінску я год наведвала курс па падвышэнні кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (перакладчык – рэферэнт тэхнічнай спецыяльнасці).
У Венграў доўгі час быў сацыялістычны ўрад. Яны рускіх ненавідзелі, але, напэўна, нейкая ментальная сувязь з Расіяй засталася: ёсць вуліца, названыя ў гонар Пушкіна. Па-руску размаўляе мала хто. З моладзі ёсць тыя, хто вывучае, і калі яны даведваюцца, што ты валодаеш рускай, кажуць: “О, няўжо? Давай пагутарым!”
* Імя гераіні змененае.
Даведка АМП
Праграма Event – нешта падобнае да Erasmus, але для ўсходнееўрапескіх краінаў (Беларусь, Украіна, Малдова).
Сайт універсітэта Budapest University of Technology and Economics.
Гутарыла Ганна Валынец.
Крыніца: ampby.org
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…