Грамадства

Чарнобыль. Мы не забылі

Радзіма! Беларусь! Наша Бацькаўшына – маці!  Які цяжкі лёс выпаў на Тваю долю! Колькі Табе давялося выпакутаваць, змагаючыся за шчасце сваіх дзяцей.

Колькі раз ворагі прыходзілі да Цябе, каб забіць Тваіх сыноў, а для сваіх гарэмаў набыць новую прыгожую зорку. Але Ты хавала нас у сваіх густых пушчах, паіла крыштальнай вадой сваіх рэк, а ворагі нашы гінулі ў Тваіх балотах, замярзалі ад холаду Тваіх «прывітанняў». Мы, Твае дзеці-небаракі, выходзілі з лясоў і зноў прастадушна пускалі на Твае прасторы чужынцаў.

Фота: Анатоль Кляшчук.

Фота: Анатоль Кляшчук.

Ты даравала нам за нашу дзіцячую легкадумнасць і нявопытнасць, бо Ты – нашая Маці.
27 гадоў таму да нас зноў прыйшла бяда. Але ад гэтага ворага не схавацца ў лесе, і не ўтапіць яго ў балоце. Вораг гэты – самы моцны, самы страшэнны, самы непераможны.

I прыйшоў ён надоўга, і пасяліўся ва ўсіх Тваіх куточках, і ад гэтага часу дзеці твае будуць хворыя, а зямля Твая, і рэкі, і азёры – атручанымі. Даруй нам, Маці, калі зможаш, даруй апошні раз, бо мы, Твае неразумныя дзеці, нарэшце зразумелі сваю галоўную памылку – былі мы занадта даверлівымі.

Нам казалі: «Мы навучым вас, беларусаў, як трэба жыць, бо мы лепш ведаем». Мы верылі. Нам казалі: «Мы – вашы старэйшыя браты. Будзем жыць разам». Мы зноў верылі і гублялі свой дом.

Зразумелі мы цяпер, што калі б былі гаспадарамі ў сваім доме, то ніколі б расейскія самалёты не расстрэльвалі радыёактыўныя аблокі, што ляцелі на Маскву, над Тваім Магілёвам, ніколі не выводзілі б мы сваіх дзяцей на Першамай у тую чорную вясну.

Зразумелі мы і тое, што ў нашай сям’і таксама не без вырадкаў, – тых, хто замоўчваў праўду пра маштабы трагедыі, тых, хто зараз кажа, што не бачыць ніякай радыяцыі і прымушае маладых спецыялістаў губіць здароўе ў Чарнобыльскай зоне. Яны, гэтыя вырадкі, адракліся ад Цябе, Маці, прадаліся ворагам Тваім і хочуць вынішчыць дашчэнту род Твой.

Калі зможаш Ты дараваць нам, калі выратуеш ад гэтай бяды, абяцаем, што больш не прыйдзецца Табе клапаціцца за нас. Мы ўжо выраслі, і за гэта Табе вялікі дзякуй.

Цяпер мы будзем даглядаць Твае лясы і палі, упрыгожваць Тваю зямлю. Цяпер мы самі будзем сачыць за сваім домам і ратаваць Цябе ад ворагаў.

Будзем нараджаць і гадаваць сваіх дзяцей, каб заўсёды гучала на нашых родных прасторах Твая мілагучная мова, каб заўсёды была Ты шчасліваю, наша Радзіма, каб не зведала ўжо ніколі такога гора, як у 1986 годзе, і каб заўсёды было каму казаць: «Жыве Беларусь!».

Пакінуць адказ