Не, вы бачыце, што робіцца? На беларускую мову, адзін за адным, пераходзяць тай-барцы міжнароднага класа.
Пра ролю беларускай мовы ў сучасным грамадстве піша Віктар Марціновіч, budzma.org
Не, вы бачыце, што робіцца? На беларускую мову, адзін за адным, пераходзяць тай-барцы міжнароднага класа. Яны гіпнатызуюць супернікаў Кірчуком на спаборніцтвах і змяшчаюць у сябе на шортах сакральныя допісы сілы («Адно жыццё – адзін шлях»). Пяцікурснікі БДУІР ствараюць беларускамоўныя (!) IT-курсы, у «Фэйсбуку» паступова робіцца прасцей сустрэць беларускамоўны статус маладога чалавека, чым рускамоўны, – і гэта толькі, скажам так, медыйна бачныя з’явы.
Здаецца, у маёй колішняй узаемапаважлівай палеміцы з Усеваладам Сцебуракам (гл. тут і тут) пастаўлена выразная кропка. Не мелі рацыі ні ён, ні я. Па-першае, новае пакаленне беларускамоўных не проста набліжаецца, яно ўжо тут. Па-другое, яно не толькі лепей за нас (тых, каму на момант напісання тэкстаў пра «Пакаленне Ласт» было 30 (+5)) – яно выразна іншае.
У якасці маніфеста гэтага наступнага пакалення абяру сціплы допіс з ЖЖ. «Як выглядае свядомая, беларуская моладзь? (…) Яны разумныя і таленавітыя (…) Беларуская мова – гэта сапраўды адзнака якасці. І дзякуй, што іншая моладзь пачынае разумець, што беларускамоўныя – гэта не «секта», гэта не абмежаваныя адэпты беларушчыны, якія могуць размаўляць толькі пра нацыяналізм, змагарства і каштоўнасць гісторыі, гэта не выключна БНФ ці настаўнікі, як часта можна пачуць. Беларускамоўныя (…) – гэта дызайнеры, рэкламшчыкі, журналісты, бізнэсмэны, кантралёры, прадавачкі, лінгвісты, эканамісты, інжынеры, хімікі-ядзернікі, ды й хто заўгодна. Яны жывыя і сапраўдныя, модныя і не вельмі, разумныя і трохі дурнаватыя, цікавыя і не вельмі, яны кахаюць, сварацца, б’юць талеркі і расчароўваюцца, яны граюць у снежкі і спяваюць. Яны нават сэксам на беларускай мове займаюцца – ці гэта не доказ таго, што мова жыве?»
Гэты цудоўны тэкст быў напісаны яшчэ летась студэнткай і журналісткай Вольгай Гарапунчык. Той самай Вольгай, якая да свайго разумення мовы дадала галерэю партрэтаў-інтэрв’ю маладых свядомых беларусаў у «Нашай Ніве» (гл., напрыклад, гэты эпізод з серыі).
Сказанае Вольгай пра тую генерацыю, да якой яна належыць, – амаль вычарпальнае. Тут можна было б проста пералічыць прозвішчы маладых людзей, вядомых мне па Фэйсбуку, якія ідэальна падпадаюць пад прыкметы, сфармуляваныя Вольгай. Але, здаецца, кожны мае такіх у сябе ў стужцы ў сацыяльнай сетцы, таму лепей паспрабую вылучыць некалькі адрозненняў гэтага пакалення ад таго, што прадстаўляем мы з Усеваладам.
Першае: мова для гэтых маладзёнаў не з’яўляецца зонай болю
Мне нават складана будзе растлумачыць тут ім, што я маю на ўвазе. Вось глядзіце: у старэйшай генерацыі ёсць людзі, якія літаральна ахвяравалі жыцці за мову. Якія па 20 гадоў (!) не размаўлялі са сваімі сябрамі з-за якой-небудзь моўнай спрэчкі. Якія з’язджалі ў эміграцыю з-за таго паскудства, якое рабілася тут з мовай. Якія прынцыпова паўсюль размаўлялі толькі на мове, бо бачылі ў гэтым місію. Яны былі святымі, гэтыя людзі. Без іх мова не захавалася б – і не з’явілася зараз вас, маднявых. Ужо нават для мяне і майго пакалення напружанасць болю ў мове была меншай. Мне было крыўдна за тое, што робіцца, і з-за таго я вучыў яе, намагаўся размаўляць і пісаць – з процьмай памылак, ад якіх не пазбавіўся дагэтуль. Але вы размаўляеце на мове, бо гэта «прыкольна». Бо вы хочаце быць адметнымі. І гэта – значна болей здаровы чыннік, чым мае матывы і тым больш – чым матывы маіх старэйшых сяброў. Пры гэтым дадам, што мову зараз «прэсуюць» нават болей сувора, чым у 90-я. Але вы адказваеце на гэтае «прэсаванне» смехам маладосці, а не рыкам пакрыўджанай душы. І таму за вамі пойдуць аднагодкі. Бо смех – значна болей прывабны адказ, чым злопыхлівае бурчанне. Кажуць, нашая нацыя не паўстала разам з незалежнасцю ў 1991-м з-за таго, што тая, папярэдняя генерацыя, якой балела, адштурхнула сваімі гіпертрафіраванымі рэакцыямі, аморфную масу. Для якой галоўным быў камфорт, а не каштоўнасці. Дык, выглядае, іх памылку, якая выцякала з болі за мову, выправіце вы – сваёй бяспечнасцю.
Другое: мова для іх не з’яўляецца зонай палітыкі
Высветлілася, што можна чытаць Гарэцкага і не быць сябрам БНФ. Вы расчараваліся ў палітыцы, але вы зачараваліся мовай.
Трэцяе: «новыя беларускамоўныя» – не контркультура. Яны – мэйнстрым
У маім пакаленні па-беларуску размаўлялі хлопцы з доўгімі валасамі, цяжкім позіркам, хваравітай схільнасцю да алкаголю. Людзі, якія былі нон-канфармістамі і культурнымі рэвалюцыянерамі. Часцяком гэта выглядала прывабна. Але бывала і так, як апісана ў Ахроменкі ў «Тэорыі змовы» (герой цалкам замкнуўся ў казачным «ВКЛ», які сабе наўяўляў: ён сядзіць на «свядомых» сайтах, не сочыць за сабой і г. д.). Дык вось: «новыя беларускамоўныя» – не нон-канфармісты. Яны – «махровы» мэйнстрым. Вы паглядзіце, чым яны займаюцца (звярнуся да Гарапунчык): «дызайнеры, рэкламшчыкі, журналісты, бізнэсмэны…». У прастору мовы прыйшлі звычайныя людзі. Тыя, на якіх трымаецца грамадства. А не тыя піянеры-прарокі, якія грамадства некуды штурхаюць (я – не пра сваю генерацыю, я пра тых, каму зараз 45 +/– 5). Яны не бунтуюць мовай. Яны насаджаюць новы канон нармальнасці. І гэта значыць, што праз дваццаць гадоў у гарадах будуць размаўляць на беларускай. Што б не рабілася зараз у школах і ВНУ.
Чацвёртае: яны – маднявыя
Я думаў быў назваць гэты тэкст «Мова для хіпстэраў», але ў час зразумеў, што «хіпстэр» ў Беларусі – хутчэй абраза. Нашыя папярэднікі былі апантаныя захаваннем і распаўсюдам мовы і не надта турбаваліся тым, каб апранацца прывабна. Кажу: людзі паклалі ўласныя лёсы, дабрабыт, шчасце. Новае пакаленне – дзеці спажывання. Мова ўпісана ў іх аблічча побач з акулярамі Ray Ban, цішоткай з віленскага Pull and Bear, шузамі ад Converse ды фрызурай «пад Цімберлейка». Заўважым: яны не ставяць перад сабой мэту распаўсюду мовы. Яны – значна болей цынічныя за нашых папярэднікаў. Але менавіта з-за гэтага цынізму іх «апостальская» дзейнасць робіцца эфектыўнай. Бо яны распаўсюджваюць мову проста сваім way of life. Нікога на словах не заклікаючы пераходзіць на мову, размаўляючы выключна пра новую калекцыю Bershka ды карамель-макіята ў CoffeeInn, яны робяцца іконамі мовы, прывабнымі сімваламі, на якіх хочацца арыентавацца аднагодкам. І ў гэтым – іх перавага. Яны ўжо перамаглі.
Віктар Марціновіч, budzma.org