Грамадства

Споведзь вегетарыянкі: чаму я не люблю берасцейскія забягайлаўкі?

Пра тяжкасці вегетарыянскага жыцця.

– Ясай фута макі?

Гляджу на афіцыянтку і разгублена ўсміхаюся.

– Не ведаю, трэба паглядзець у меню.

– Ясай фута макі. Вы заўсёды іх бераце.

Мне, канешне, прыемна, што афіцыянтка піцэрыі, што знаходзіцца побач з маім домам, так дасканала памятае мой густ. Але надта не ўпіваюся значнасцю сваёй персоны – зусім нескладана запомніць рэдкага беларускамоўнага наведвальніка, які, да таго ж, кожны раз замаўляе ўсё вегетарыянскае.

Усё – значыць адзін від сушы і адзін з чатырох відаў піцы.

За такі багаты выбар мы з мужам і любім гэтую піцэрыю.

Кажу “багаты” без усялякай іроніі. У астатніх мясцінах горада да нашага прыходу падрыхтаваныя яшчэ меней. Выбар большасці з іх лёгка пералічыць па пальцах: акрамя гарніраў, будзе адна-дзве салаткі, макароны з таматнай пастай, рыс з грыбамі ды дзве піцы – грыбная ды “Маргарыта”.

Яшчэ да шлюбу мы неяк вырашылі адсвяткаваць гадавіну адносін у “Венецыі”. Я не магла паверыць, што ў гэтым салідным месцы нам не будзе чаго паесці, і, гэтак настроіўшыся, добра сапсавала сабе настрой. Не знайшлося нават двух розных гарачых страў без мяса і рыбы, а таму прыйшлося замовіць дзве аднолькавыя, з пералічаных вышэй, далёка не такія святочныя і далікатэсныя, як хацелася.

Калі святкавалі вяселле, вырашылі ўсё ж загадзя паклапаціцца пра страўнікі і настрой, і пры выбары рэстарана запытвалі, ці ёсць чым там нас пакарміць. На шчасце, выручыў тракцір “Ля возера” — бадай, адзінае, на мой сённяшні вопыт, месца, дзе пра вегетарыянцаў, складаючы меню, усё ж падумалі. Іншая справа, што не ўсе афіцыянты там беларускую мову разумеюць.

Тут ужо прыдзецца выбіраць – альбо наталенне голаду, або нацыянальныя пачуцці.

Эх, цяпер дзіўна ўспамінаць, але канчаткова перайшла да вегетарыянства я якраз у рэстаране. Літоўскім. Да гэтага я ўжо ўсур’ёз падумвала адмовіцца ад ужывання мяса, і тут, калі я пабачыла прыгожыя, вялікія, і па ўсёй верагоднасці, сытныя стравы, у параўнанні з якімі нашыя адбіўныя ды катлеты выглядамі проста па-жабрацку, рашэнне прыйшло само сабой.

Гэтак жа прыемна быць вегетарыянцам і ў суседняй Польшчы. Мы з мужам маем там адну любімую піцэрыю, якую рэкамендуем усім знаёмым. Там можна замовіць піцу і да яе пяць любых дадаткаў. Прычым кухары пасыпаюць цеста інгрыдыентамі вельмі шчодра – гэта не нашыя бліны з адной аліўкай і адным старым шампіньёнам. А кошт амаль такі ж.

Зрэшты, менавіта ў гэтым – у скупасці, неахайнасці і непавазе да наведвальнікаў я і бачу прычыну адсутнасці выбару вегетарыянскіх страў у нашых гора-рэстаранах. Не з-за таго іх няма, што ўласнік не ведае пра нашае існаванне.

Проста не заўважаць рознабаковасць густаў кліентаў вельмі зручна.

Мяркуецца, раз прыйшоў, нешта ты абавязкова замовіш. Раз нешта замовіш, то трэба цябе прымусіць замовіць нешта даражэйшае. На гародніне шмат не наварыш – гэта ж кожнаму ясна, значыць, трэба ўсюды дадаваць мяса. Хай няшмат, галоўнае, каб яно значылася ў складзе і ў разы падвышала кошт. Ну вось суп. Нідзе яшчэ ў Берасці я не сустракала іх вегетарыянскіх, але і мяса там няма. Проста робяцца яны на той вадзе, у якой варылі мяса, напрыклад, для салата. У выніку і вытворчасць безадкідная, і кошт вышэйшы. Хто не згодны з правіламі гульні, той есць дома. Усё проста і лагічна ў нашых рэстаратараў.

А сёлета сутыкнулася яшчэ з адной пасткай. Мінула 5 і 10 год ад заканчэння ўніверсітэта і ліцэя. У абодвух выпадках збіраемся з аднагрупніцамі ў рэстаранах і сутыкаемся са звычнай умовай: папярэдняя замова на пэўную суму. Сума абодва разы атрымліваецца немалая – ад 300 тысяч рублёў на адну асобу. Аднагрупніцам патраціць гэтыя грошы адносна нескладана – дзве мясныя стравы плюс раскіданы на ўсіх кошт алкаголю ды асарці недзе так і выходзяць. Але што рабіць тут вегетарыянцу, якому няма з чаго выбіраць і які да таго ж не ўжывае алкаголю? У лепшым выпадку на яго заводзяць асобны рахунак і ён істотна эканоміць, у горшым ён плаціць, як і ўсе, ды, з’еўшы печаную бульбу, астатні вечар цягае з агульных талерак гуркі.

Таму з таго часу, як стала вегетарыянкай, я перастала любіць карпаратывы.

І перастала любіць кавярні ды рэстараны, бо праясніліся рэчы, якіх раней не заўважала.

Выручае толькі піцэрыя Smile з яе сушы “Ясай фута макі”. Хоць і яна пачынае псавацца, расслабіўшыся першым годам паспяховай працы на рынку Берасця.

Гэй, бізнэсоўцы! Калі нехта адкрые вегетарыянскі рэстаран або проста зробіць людскае меню ў сваёй установе, абяцаю быць пастаяннай кліенткай.

Тэкст : Інна Хоміч
Крыніца: litary.net

Пакінуць адказ