Iрына ПРАКОПЧЫК: «Правы чалавека цесна ўплецены ў тканіну штодзённага жыцця».
У Беларусі з’явіўся “Праваабарончы каляндар”. Чым адметнае гэтае выданне? Пра што яно? І на каго разлічана? Аб гэтым распавяла адзін з аўтараў кнігі Ірына ПРАКОПЧЫК.
“Праваабарончы каляндар — гэта спроба сабраць даты, звязаныя са станаўленнем, развіццём і абаронай правоў чалавека, — напісана ва ўступным слове выдання. — Сюды ўвайшлі знакавыя даты. У тым ліку міжнародныя і сусветныя дні, афіцыйна абвешчаныя ААН, міжнародныя дні, якія прызнаюцца няўрадавымі арганізацыямі розных краін, а таксама даты беларускіх падзей, важных з пункту гледжання правоў чалавека, дні нараджэння і дні памяці выбітных актывістаў-праваабаронцаў”.
— Першапачаткова такі каляндар хацелі стварыць на сайце, але з’явілася магчымасць выдаць кнігу, — распавядае Ірына. — Такія даты ў грамадстве не вельмі ведаюць, а таму трэба было надаць календару годную форму. Да таго ж трэба было ўпісаць даты з беларускага праваабарончага руху ў сусветны кантэкст. Я працавала з тым матэрыялам, які датычыўся сусветнага ўзроўню, на беларускай тэматыцы спецыялізавалася яшчэ адзін аўтар кнігі — Паліна Сцепаненка.
— Вам асабіста цікава было працаваць?
— Па-першае, падчас працы над календаром я шмат аб чым даведалася. Гэта ўжо было цікава. Да таго ж за кожнай лічбай, датай стаяць чалавечыя гісторыі. Я адкрыла для сябе цікавасць да савецкага дысідэнцкага руху. Вось, напрыклад, беларускі дысідэнт Міхась Кукабака, які зараз жыве ў Маскве. Абсалютна незвычайны і ў пэўным сэнсе драматычны лёс чалавека, які ў савецкія часы не баяўся казаць праўду. Змагаўся за яе. Агулам Міхась Кукабака быў асуджаны паводле палітычных матываў чатыры разы і правёў у турмах, лагерах і вар’ятнях каля 17 (!) гадоў. 17 гадоў, можна сказаць, вырвалі з жыцця праваабаронцы, усё злачынства якога заключалася толькі ў тым, што ён казаў услых тое, аб чым думалі ўсе. Дарэчы, разам з Палінай Сцепаненка мы сустракаліся ў Маскве са спадаром Міхасём Кукабакам. Вельмі цікавы суразмоўца і чалавек. І, у рэшце рэшт, я зразумела, чаму так неабходна сёння занатоўваць праваабарончую дзейнасць, каб яна захоўвалася ў гісторыі. Праз нейкі час нашчадкі скажуць толькі дзякуй. Наша задача, каб людзі зразумелі: правы чалавека — гэта не нейкія абстрактныя паняцці, правы цесна ўплецены ў тканіну штодзённага жыцця чалавека.
— Што яшчэ цікавага можна знайсці ў праваабарончым календары?
— Тое, што мы не вельмі добра ведаем. Гэта, скажам так, маленькая праваабарончая энцыклапедыя. Напрыклад, чаму Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага? Таму што менавіта ў гэты дзень у 1952 годзе ў горадзе Дака (сталіцы цяперашняга Бангладэша) падчас разгону студэнцкай дэманстрацыі ад куляў паліцэйскіх загінулі пяцёра студэнтаў, якія вырашылі выйсці на вуліцу з патрабаваннем надаць іх роднай мове статус дзяржаўнай. У календары таксама можна прачытаць пра беларускіх вязняў ГУЛАГу, гвалтоўную расправу над дэпутатамі апазіцыі ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання, падзеі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 і 2010 гадоў, пра пахаванне ў 1983 годзе пад наглядам спецслужбаў беларускай паэткі і палітвязня Ларысы Геніюш. “Дарэмна ў Зэльву панаехала “службоўцаў у цывільным” з Ваўкавыска і Гродна, якія мусілі кантраляваць сітуацыю, — распавядаў даследчык творчасці Ларысы Геніюш Міхась Скобла. — Наўрад ці нехта з іх здабыў чарговую зорку на пагоны за тое сапраўды народнае пахаванне. “Дома свечкі даўно пагашаны, і магілкі пад снегам спяць. Дык няўжо і мяне, няшчасную, пад канвоем будуць хаваць?” — пыталася паэтка ў адным з сваіх апошніх вершаў. Спасцярога паэткі не спраўдзілася. Хавалі яе пад аховай любові ў атмасферы шчырага чалавечага смутку”.
Як бачым, з календара можна пачарпнуць шмат цікавай інфармацыі…
— На каго разлічана выданне?
— На журналістаў, калег з праваабарончых арганізацый, моладзь, якая вучыцца. Думаю, даведнік будзе карысны. Дарэчы, ужо пайшлі першыя водгукі, некаторыя просяць дадаць новыя гістарычныя даты, імёны. Так што ў будучым мы плануем перавыдаць кнігу ў дапоўненым варыянце.
Аутар: Алесь Святланіч
Крыніца : nv-online.info
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…