Усім 40 дэпутатам Берасцейскага гарадскога Савету накіраваны зварот, у якім выказваецца просьба распавесці, якім чынам народныя абраннікі ажыццяўляюць прыём грамадзян, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Як паведаміў адзін з ініцыятараў звароту Уладзімір Вуек, такім чынам актывісты хочуць дапамагчы выбаршчыкам трапіць да дэпутатаў, каб вырашыць праблемы, што ўзнікаюць на тэрыторыі канкрэтнай выбарчай акругі. У сваім звароце прадстаўнікі грамадскасці нагадваюць пра артыкул 18 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”, згодна з якім дэпутаты абавязаны весці прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў і юрыдычных асоб.
Паводле словаў Уладзіміра Вуека, з дапамогай такога звароту брэсцкія актывісты спрабуюць таксама даведацца ад дэпутатаў, з якімі тэмамі да іх часцей за ўсё звяртаюцца выбаршчыкі, якія праблемы застаюцца нявырашанымі і што трэба рабіць, каб на тое ці іншае пытанне можна было знайсці адказ, які б задаволіў інтарэсы грамадзян.
Крыніца spring96.org