Еўраклуб

Пяць літоўскіх невядомых фэстаў

Шэнгенская віза цяпер ужо не ёсць той вялікай праблемай, якая б прымушала большасць схільных да вандровак аматараў крутых оўпэн-эйраў праводзіць лета ў хаце.

Найбліжэйшая да Беларусі краіна, якая прапануе вялікую разнастайнасць незвычайных фэстаў на самы розны густ і ўзрост, — гэта Літва. Мы выбралі пяць не надта вядомых у нас літоўскіх фэстаў, якія дакладна разнастаяць гарызонты гэтага лета.

1. Ноч культуры

  • Калі: 5 ліпеня
  • Што: паўночныя бадзянні па цэнтры Вільні ў атачэнні любых магчымых праяваў культуры з украпінай беларускіх тэатраў, фатографаў і музыкаў

У гэту ноч давядзецца заснуць далёка за поўнач. Інакш вы проста рызыкуеце прапусціць дзясяткі перформансаў, выступаў, тэатральных пастановак і іншых творчых дзеяў — на любы густ, памер і даўжыню. «Ночы культуры» ў Вільні — гэта той выпадак, калі валадарамі літоўскай сталіцы становяцца шматлікія артысты з усяго свету (цяпер іх будзе болей за 700) ды паўсюдныя турысты ці простыя наведвальнікі фэсту. З такой нагоды цэнтр гораду канешне ж перакрыюць, затое нязвыкла даступным апынецца ўнутраны дворык прэзідэнцкага палацу (там выступяць грузіны з драмай «Кармэн»), ратуша (яе зоймуць армянскія танцоры), астатнія шведы, англічане, французы, гішпанцы, расейцы, фіны, палякі і артысты з дзясяткаў іншых краін размесцяцца ў іншых утульных закутках Старога гораду.
Сёлетняя ноч культур стане адметнай дзякуючы беларускаму ўмяшальніцтву: упершыню ўдзел у фэсце возьмуць некалькі нашых калектываў: тэатр «вКубе», блюз-гурт «White Sister’s Bross», а таксама фатографы са свежанькай выставай Беларускага прэс-фота.

Болей інфы і тут

  • Дзе: Стары горад у Вільні
  • Колькі: бясплатна

2. Фэст Эксперыментальнай археалогіі

  • Калі: 6–7 ліпеня
  • Што: архаічныя традыцыі, музыка і тавары ў найстаражытнейшым горадзе Балтыі

Калісьці ў чалавека не было не толькі Інтэрнэту і мабільнікаў, але і элементарных запалак. Нават кола ў свой час спатрэбілася вынайсці. Нагадаць пра гэткія змрочныя часы ўзяліся літоўскія археолагі, якія некалькі гадоў запар ладзяць архаічны фэст у адным з найстарэйшых паселішчаў на тэрыторыі краіны. Фэст праходзіць у старажытнай вёсачцы Кернаве недалёка ад Вільні, якая мае сапраўды маштабную мінуўшчыну. На мясцовыя пагоркі і накіроўваюцца натоўпы віленчукоў і турыстаў з дзецьмі, старажытнымі сабакамі і адпаведнай вопраткай у час уікенду, калі ў краіне святкуюць каранацыю Міндоўга. Там яны прыглядаюцца да зброі часоў Вітаўта, стваральнік якой адразу ж дэманструе, як яе правільна выкарыстоўваць, скураных гаманцоў з кішэнямі для шматлікіх крэдытных картак і талерак з ліпавай кары, якімі насельнікі гэтых мясцінаў карысталіся яшчэ ў рымскія часы. Без музыкі таксама не абыдзецца: у мінулым годзе, напрыклад, кампазіцыі часоў Неаліту прадстаўляў французскі ўладальнік пяці гіганцкіх «меладычных» валуноў.

Як праходзіў фэст у мінулым годзе.

Болей інфы

  • Дзе: Кернаве
  • Колькі: уваход $4

3. Тамста

  • Калі: 12–14 ліпеня
  • Што: сярэднявечны замак у палоне хіпстэраў

«Тамста музыка» цяжка назваць малавядомым. Як сам клуб у цэнтры Вільні, у гонар якога фэст атрымаў назоў, гэтак і падзея добра зарэкамендавалі сябе ў апошнія гады пасля знікнення з летняга календару Be2gether. З тых часоў Тамста разросся да пяці сцэнаў, двух намётавых мястэчак і захапіў цэлы замак у старажытных Троках. Арганізатары абяцаюць наведвальнікам шматлікія бонусы, у тым ліку зніжку на чыгуначны транспарт да фэсту і назад, пракат ровараў і, «тры дні панавання любові і музыкі».

Болей інфы

  • Дзе: Трокі (Тракай)
  • Колькі: $47

4. Мандала

  • Калі: 2–3 жніўня
  • Што: паглыбленне ў самога сябе падалей ад цывілізацыі

Арганізатары рэкамендуюць «Мандалу» як спалучэнне «фізічных і духоўных практыкаў, нетрадыцыйнай медыцыны і творчасці». Фэст паспрабаваў сабраць усё, што можна акрэсліць словам «нетрадыцыйны»: ад збору траваў для нетрадыцыйнай парфумерыі да нетрадыцыйных палётаў праз сусвет у чарговым сеансе калектыўнай медытацыі. Зрэшты, для сталых наведвальнікаў падобных імпрэзаў сюрпрызаў у праграме не будзе.

Болей інфы

  • Дзе: 65 км. на поўнач ад Вільні
  • Колькі: ад $30

5. Падзея жывой гісторыі Меднікаў 14 стагоддзя

  • Калі: 21 верасня
  • Што: подых часоў, калі нашы продкі жылі ў самая вялікая дзяржаве Еўропы

Не паспелі літоўцы адбудаваць зруйнаваны яшчэ ў Сярэднявеччы замак у Медніках — амаль аднагодку Крэўскай цвярдыні — паставіць новенькі ліфт, што вядзе да музею трафеяў першага літоўскага прэзідэнта, у адзіную вежу, як энтузіясты ўзяліся за вяртанне ў замак «подыху 14 ст.». Што дакладна мусіць улучыць гэты дух, пакуль не вядома, але намёк арганізатары ўжо зрабілі: Вялікае княства 14 стагоддзя — буйнейшая дзяржава Еўропы тых часоў — «жыло з войнамі і крывёю». Значыць, без мужных рыцараў і каханых прыгажунь і тут не абыдзецца. Зрэшты, толькі дзеля знаёмства з неапошнім па значнасці замкам гэтых мясцін наведаць фэст варта.

Болей інфы

  • Дзе: Меднікі, беларуска-літоўская мяжа
  • Колькі: уваход платны

Крыніца: generation.by. Таксама там можна знайсці пералік фэстаў за мяжою на якія вам не спатрэбіцца віза.

 

Пакінуць адказ