Камітэт па міжнародных справах Еўрапейскага парламента прыняў рэкамендацыю аб палітыцы Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Камітэт зноў заявіў аб неабходнасці безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у якасці перадумовы для паступовай адмены ЕЗ абмежавальных мераў і аднаўлення адносін паміж ЕЗ і Беларуссю.
“Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных з’яўляецца абавязковай умовай для ўзнаўлення ўзаемаадносін Еўразвяза і Беларусі. Становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца, увогуле, вельмі непакоячым, таму мы, члены групы Еўрапейскай Народнай Партыі, праводзілі прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека ва ўсім дакладзе. Мы таксама падкрэслілі, што грамадзянская супольнасць павінна ўдзельнічаць на роўных з уладай у дыялогу па мадэрнізацыі, дзеля спрыяння міжасабовым стасункам людзей патрэбнае спрашчэнне візавых працэдур і, у доўгатэрміновай перспектыве, забеспячэнне магчымасці бязвізавых падарожжаў для для беларусаў”, заявіў дэпутат Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч, ценявы дакладчык групы ЕНП.
“Пакуль не вызваляюцца палітвязні, не будзе ўведзены мараторый на прымяненне смяротнага пакарання і не будуць праведзеныя справядлівыя выбары, што азначае адсутнасць паляпшэння становішча з правамі чалавека ў Беларусі”, дадаў Філіп Качмарэк, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю.
Абодва дэпутаты падкрэслілі, што любое аднаўленне дыялогу паміж ЕЗ і Мінскам павінна адбывацца паводле строгіх умоваў і залежаць ад поступу ў галіне правоў чалавека, грамадзянскіх свабод і дэмакратыі. Тыя ж умовы павінны таксама датычыць нядаўняга рашэння замежных спраў ЕЗ аб прыпыненні візавых санкцый Еўразвяза ў дачыненні да кіраўніка беларускай дыпламатыі Уладзіміра Макея.
“Прадстаўляючы спадару Макею права на свабоду перамяшчэння на сваёй тэрыторыі, ЕЗ пацвярджае сваю прапанову дапамогі і парадаў для Беларусі. Я шчыра спадзяюся, што беларускія ўлады скарыстаюцца гэтай унікальнай магчымасцю, каб пачаць канкрэтны і цвёрды дыялог з ЕЗ аб дэмакратычных рэформах, павазе да вяршэнства права, правоў чалавека і асноўных свабод”, завяршыў Яцэк Пратасевіч.
Крыніца: spring96.org