Як паведаміў адзін з арганізатараў акцыі Ігар Маслоўскі, падчас пікету плануецца выказаць пратэст у сувязі з ігнараваннем мясцовымі уладамі патрабаванняў, выкладзеных у калектыўным звароце.
Зварот падпісалі больш чым 1100 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Ініцыятары збору подпісаў пад гэтым зваротам дамагліся рамонту дарогі паміж вуліцамі Ракасоўскага і Жукава, якая была моцна пашкоджана, аднак мясцовыя ўлады адмовіліся рабіць тратуар побач з гэтымі вуліцамі, палічыўшы гэта чамусьці “немэтазгодным”.
“Як можна праектаваць і будаваць новы мікрараён Паўднёвы без абсталяваных тратуарных дарожак, што вядуць да прыпынку грамадскага транспарту? – здзіўлены Ігар Маслоўскі. – Тут альбо непрафесійны падыход, альбо грошы, запланаваныя на будаўніцтва, кудысьці зніклі. Гэтае пытанне мы публічна зададзім кампетэнтным органам, а таксама запрашаем іх супрацоўнікаў прыйсці на наш пікет, які мы запланавалі на сярэдзіну жніўня”.
Паводле: spring96.org