28 ліпеня скончыўся летнік у Залессі, дзе дзедзічы ўжо чацвёрты год будуюць “Дом еўрапейскіх сустрэч”. Праца, семінары, творчыя сутрэчы – дні праляцелі незаўважна і надыйшоў час падвесці вынікі.
“Дзедзіч” даводзіць да ладу сядзібу ў вёсцы Залессе Каменецкага раёна (гл. мапу тут). Гэты будынак, які ў аварыйным стане быў набыты агульнымі намаганнямі сяброў “Дзедзіча” у 2008-м годзе, яшчэ праз 2 гады мусіць стаць месцам сустрэчаў моладзі не толькі з Беларусі, але і з усёй Еўропы. Аналагічныя установы існуюць ва ўсіх еўрапейскіх краінах: у Польшчы, да прыкладу, у кожным ваяводстве іх па некалькі адзінак. У нашай краіне першы з такіх дамоў будуе “Дзедзіч” і месціцца ён будзе акурат на Берасцейшчыне.
У гэтым годзе летнік наведалі маладзёны з розных гарадоў Беларусі, акрамя Берасця да нас прыязджалі хлопцы і дзяўчаты з Менску, Камянца, Лунінца, Высокага і іншых гарадоў.
Працы было зусім няшмат, мы больш прыбіраліся, чым будавалі – вывозілі будаўнічае смецце, выраўноўвалі пляцоўку перад домам, уцяплялі трэці паверх. Асобнае дзякуй трэба сказаць дзяўчынкам, Тане ды Наташы, якія самааддана гатавалі нам надзвычай смачныя абеды ды вячэры, і Марку, які зусім забыўшыся на сябе мыў агульны посуд у халоднай вадзе.
Ахвяраў падчас летніка амаль не было, адно Сяргей параніў нагу, калі вырашыў зрабіць працу хутчэй, а Марк зваліўся з лесвіцы – калі вырашыў скараціць дарогу – відаць сапраўды паспяшыць – людзей насмяшыць.
Да нас прыязджалі “Правы чалавека на пальцах”: трэнеры спрабавалі данесці да нас што ж гэта такое і на што яно патрэбна.
Мы хадзілі на прыгранічную заставу (ну як хадзілі – частку дарогі прайшлі, частку праехалі на возе, частку на машыне – хаця было не так ужо і далёка. Лейтэнант правеў экскурсію па тэрыторыі пагранзаставы, распавеў чым займаюцца служачыя і як яны ловяць парушльнікаў. А нашыя дзяўчынкі ўпэўніліся, што прыгожых хлопцаў трэба шукаць як раз сярод пагранцоў, бо як сказаў наш экскурсавод (сам падобны на нейкага супергероя з амерыканскага экшна) “да нас адбіраюць самых найлепшых”.
Мы ладзілі фаер-шоў – было шмат агню ды феерверкаў, ды такога ж яскравага настрою ды эмоцый.
А яшчэ мы планавалі нашае будучае, будучае Дзедзіча, прыдумвалі новыя акцыі і імпрэзы разбіраліся ў тым, што натварылі за мінулыя гады.
Да нас прыязджаў Піт Паўлаў з музыкамі – і было так захапляльна слухаць вядомага чалавека, які столькі зрабіў для беларускай культуры, размаўляць з ім – зусім простым і такім добрым. Яны гралі чароўныя песні, асабліва ўсім спадабалася новая песня “Мроя мая” і канешне, усімі любімыя энэрэмаўскія “Тры чарапахі” і “Паветраны шар”.
І канешне кожны дзень усё новыя і новыя падзеі: гульні, спевы пад гітару, размовы пра ўсё на свеце, збіранне ягад ды яблыкаў, праца, жарты і, безумоўна, вогнішча.
Наступным годам Дзедзіч ізноў запросіць усіх ахвотных да сябе ў госці ў “Дом еўрапейскіх сустрэч”, які зусім хутка адчыніць свае дзверы для культурных імпрэзаў і адукацыйных семінараў.