Грамадства

Суд падтрымаў улады ў справе высялення жыхароў дома, што мае гістарычную каштоўнасць

Суд Ленінскага раёну Брэста адхіліў скаргу жыхароў дома №10 па вуліцы Астроўскага, які аспрэчвалі рашэнне гарвыканкама, што прызнаў гэты жылы будынак аварыйным. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Як лічыць жыхарка дома Валянціна Мальцава, падчас паседжання было заўважна, што суд улічваў толькі довады уладаў, а аргументы жыхароў не былі прынятыя да ўвагі. У прыватнасці, людзі, якія жывуць у гэтым доме, спрабавалі давесці, што будынак, які мае гісторыка-культурную каштоўнасць, не быў належным чынам даследваны наконт свайго аварыйнага стану. Пытанне пра раптоўнае і прымусовае высяленне жыхароў, якім замест кватэр у цэнтры горада ўлады прапануюць варыянты у аддаленых мікрараёнах, з’явілася пасля заключэння гарвыканкамам інвестыцыйнай дамовы з адной з камерцыйных фірм. “Безумоўна, мы будзем абскарджаваць вынесенае рашэнне ў абласным судзе, – паведаміла Валянціна Мальцава. – Аднак нам увесь час кажуць, каб не марнавалі грошы, бо усё роўна высяленне адбудзецца. Вельмі жудасна адчуваць, што ўлады, якія раней нічога не зрабілі , каб наш дом – як гістарыка-культурная каштоўнасць – падтрымліваўся ў належным стане, зараз без вагананняў прызнаюць яго аварыйным”.

Жыхары дома на вуліцы Астроўскага абяцаюць прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў справе адстойвання сваіх правоў.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ