Грамадства

Жыхары пяць гадоў дамагаліся ад уладаў рамонту сваёй вуліцы

Актыўнае змаганне за добраўпарадкаванне тэрыторыі вуліцы Тарфяной на ўскрайку Брэста дало плён пасля кампаніі па збору подпісаў, накіраваных у гарвыканкам. Паводле Правабарончага цэнтра “Вясна“.

Як распавяла адна з ініцыятараў збору подпісаў  Ірына Лаўрыновіч, на працягу больш чым пяці гадоў асобныя жыхары вялі перапіску з гарадскімі уладамі, каб прывесці ў належны стан невялікую вуліцу ў мікрараёне Бярозаўка. Аднак чыноўнікі прыводзілі самыя разнастайныя аргументы, у выніку чаго рашэнне пра рэканструкцыю вуліцы зноў і зноў скасоўвалася.

Год таму жыхары Бярозаўкі распачалі масштабную кампанію па збору подпісаў за добраўпарадкаванне вуліцы Тарфяной, паабяцаўшы давесці справу да суда, калі ўлады праігнаруюць патрабаванні людзей. У выніку ў мікрараёне было зладжана грамадскае абмеркаванне найбольш балючых праблем з удзелам прадстаўнікоў уладаў і ўрэшце распачаліся працы, якія тычыліся пракладкі каналізацыі, усталявання сцяжынак і частковага заасфальтавання вуліцы. Ірына Лаўрыновіч спадзяецца, што рэканструкцыю паспеюць скончыць да пачатку халадоў, і адзначае карысць супольных дзеянняў грамадскасці ў вырашэнні лакальных праблем.

Крыніца:spring96.org

Пакінуць адказ