Другая берасцейская этнавечарына “ТОЛЬКіФОЛЬК” прайшла ў мінулую нядзелю ў гарадскім Доме культуры. У гэты вечар на імпрэзу прыйшло каля 90 чалавек.
Першая дыскатэка з этнічнымі і фальклорнымі матывамі адбылася ў верасні і вось, ужо канец лістапада, а берасцейцам прапаноўваюць другую імпрэзу з тымі ж старажытнымі беларускімі танцамі, гульнямі, музыкамі і танцоркамі ў касцюмах з часоў нашых продкаў.
Вядучым музыкальнай імпрэзы выступіў Віктар Клімус (прадстаўнік клуба этнічнай культуры “Зюзя club”), які прапанаваў пачаць з вывучэння беларускіх танцаў. Дзяўчыны з гурту сярэднявечных танцаў “Берасцейскі замак” дапамагалі ўсім ахвотным адчуць, як забаўляліся нашы продкі. Пачалі з полькі, лявоніхі, успомнілі гульні “Удавец” і “Явар”.
Самыя актыўныя берасцейцы, якія ведалі назвы танцаў, народных беларускіх інструментаў атрымлівалі падарунак – каляндарык з сімволікай вечарыны.
Дом культуры сабраў у другі раз вельмі разнастайную публіку: актыўная берасцейская моладзь, маленькія аматары-танцоры, дарослыя, якія больш сачылі за імпрэзай, чым удзельнічалі, замежная моладзь, якой вельмі нялёгка было запомніць колькасць усіх прытопаў.
Канешне знайшліся і тыя, хто прыдаў вечарыне асабісты смак – смак піва. Цяжка ўтрымацца, калі ведаеш, што на другім паверсе гарадскога Дома культуры бар.
Перад выхадам галоўных гасцей этнавечарыны арганізатары правялі апытанку: на якіх інструментах гралі нашы продкі? Насамрач, сучасныя берасцейцы былі ў тэме, адказвалі збольшага правільна.
Гучалі цымбалы, жалейка, ліра, дуда. На хвілін пяць быў прадстаўлены фільм пра беларускія інструменты і іх назвы. Даведацца болей пра старажытныя інструменты можна ў суполках: “Зюзя club” і ТОЛЬКіФОЛЬК.
Бліжэй да 9-ай гадзіны кожны з прысутных мог пачуць жывы фольк. Малады гурт “Cad Goddeu!” не толькі граў на музычных інструментах, але і спяваў разам з гасцямі беларускія песні. Калі госці папрасілі на “біс”, гурт зайграў вядомыя сучасныя творы: “Тры чарапахі” N.R.M. і “We will rock you” Queen.
Пра арганізатараў і галоўныя мэты імпрэзы можна даведацца з нашага анонсу “Берасцейцаў чакае другая этнавечарына”.
Аўтар: Наталля Гарайкіна.
Фотаздымкі з этнічнай дыскатэкі ад Славы Жураўлевіча: