Вёска Скокі Брэсцкага раёна вядома берасцейцам дзякуючы сядзібе Нямцэвічаў, дзе апошнім часам працуе музей і ладзяцца імпрэзы эпохі XIX ст. А вось 14-15 снежня тэрыторыя сядзібы ператворыцца ў пляцоўку ІІ міжнароднага ваенна-гістарычнага фестывалю, прысвечанага сканчэнню баявых дзеянняў і падпісанню перамір’я на Усходнім фронце 1917 г.
Асноўная частка падзей адбудзецца 14 снежня (субота):
14.00 – Урачыстае адкрыццё фэсту (парадны ганак сядзібы), на якім выступяць арганізатары мерапрыемства і кіраўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі.
14.30 – Урачыстае адкрыццё выставы уніформы ды экіпіроўкі дзяржаў-удзельніц Першай Сусветнай вайны «На западном фронте без перемен…» (музей унутры сядзібы)
15.00 – Рэканструкцыя фрагментаў боек перыяду 1916-1917 гг. (парк ззаду сядзібы)
16.30 – Урачысты абед (палявая кухня ў лагеры)
Квіток на выставу будзе каштаваць 15 тыс. бел.руб. для дарослых і 8 тыс. бел.руб. для дзяцей. Бясплатна можна будзе зрабіць фотаздымкі з удзельнікамі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі і пачаставацца кашай ды гарбатай на палявой кухні.
Падчас мерапрыемства на пляцоўках каля сядзібы і школы будуць працаваць гандлёвыя намёты з ежай і сувенірамі, а таксама выступяць мясцовыя творчыя калектывы.
На другі дзень фэсту 15 снежня (нядзеля) у Вялікай зале (другі паверх сядзібы) пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Великая Европейская война. Связь веков и поколений». Паслухаць і абмеркаваць даклады прадстаўнікоў клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, гісторыкаў ды краязнаўцаў можна з 9.00 да 17.00.
Запрашаем берасцейцаў і гасцей гораду у гэтыя выходныя дакрануцца да нашай гісторыі!
Аўтар: Вольга Малафеечава