У тэрмін, вызначаны Законам “Аб зваротах грамадзян”, каля сарака народных абраннікаў не адказалі на запыты, якія былі дасланыя ім сябрамі грамадскай ініцыятывы “Сацыяльны офіс”. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Як нагадаў адзін з актывістаў “Сацыяльнага офіса” Юрый Жыдовіч, дэпутатаў прасілі распавесці, колькі разоў яны ладзілі сустрэчы з выбаршчыкамі, у якой форме адбываліся справаздачы народных абраннікаў, якім чынам яны апавяшчалі грамадзян пра месца, дату і час правядзення такой справаздачы.
Ігнараванне гэтых зваротаў актывісты грамадскай ініцыятывы лічаць парушэннем закона, бо дэпутаты мусілі даць адказ на працягу 15-дзён. Заканадаўства дазваляе працягнуць гэты тэрмін да аднаго месяца, калі пытанне патрабуе дадатковага вывучэння, але пры гэтым тыя, каму накіраваны зварот, павінны праінфармаваць аб гэтым аўтараў звароту.
Нагадаем, што лісты да дэпутатаў Брэсцкага гарадскога савета былі накіраваныя сёлета 12 лістапада ў рамках кампаніі “Народны кантроль”.
Крыніца: spring96.org