Урачыстае ўганараванне прэміямі Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці-2013» адбылося 23 снежня ў сталічнай «Арт-Сядзібе». Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Прэміяй пяты год запар ўганароўваюцца арганізацыі, грамадскія падзеі і асобы, якія былі значнымі для развіцця беларускага трэцяга сектара Ў 2013 годзе.
Як паведаміла Выканаўчае бюро Асамблеі НДА, сёлета паступіла рэкордная колькасць кандыдатаў па кожнай з дзевяці намінацый -160 заявак.Актыўна дасылалі свае прапановы сябры Асамблеі з рэгіёнаў. Шорт-ліст для галасавання – у кожнай намінацыі ня больш за 7 кандыдатаў – сфарміраваны Праўленнем Асамблеі НДА.
Лепшым сайтам НДА прызнаны інтэрнэт-рэсурс Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Праваабаронца Ірына Пракопчык, атрымліваючы ўзнагароду адзначыла, што для “Вясны” ўзнагарода стала нечаканасцю, паколькі ў той жа намінацыі былі прадстаўлены “сайты больш шырокай тэматыкі”. “Галоўнае, каб нас чытала як мага больш простых людзей, а тэма правоў чалавека шырэй гучала ў грамадстве”, – падкрэсліла яна.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае ўзнагароду Асамблеі НДА “Чэмпіён грамадзянскай супольнасці-2013» як знак сяброўскай падтрымкі ўнесенага ўладамі ў “чорныя спісы” сайта spring96.org.
У намінацыі «Кампанія году» прэмію атрымала кампанія «Зробім лепш! 2013».
У намінацыі «Новая ініцыятыва» перамаглі курсы «Мова ці кава», аўтар праекту — Кацярына Кібальчыч.
У намінацыі «Месца году» пераможцам стала пляцоўка «ЦЭХ».
У намінацыі «Крэатыў году» былі вызначаныя два пераможцы: «PRацоўня сацыяльнай рэклямы» і «Усталяванне прыватнага помніка паўстанцам Каліноўскага».
У намінацыі «СМІ году» прэмію атрымала інтэрнэт-тэлебачанне TUT.BY. Статуэтку і дыплом атрымала рэдактар TUT.BY-TV Алёна Андрэева.
І нарэшце, у намінацыі «Грамадскі лідэр году» прэмію атрымаў Сяргей Міхалок (гурт «Ляпіс Трубяцкі»). Статуэтку за яго атрымлівае прэс-сакратар гурта Дзмітрый Безкаравайны.
“Гэты год быў дастаткова багаты для грамадзянскай сектара. Людзі ўкладваюць у развіццё трэцяга сектара сваё здароўе, энергію, сілу, частка жыцця”, – адзначыў старшыня рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.
Крыніца: spring96.org