Інтэлектуальная і “свядомая” частка грамадства Беларусі, як і ў 2013 так і ў новым 2014 годзе адзначае адну з найгалоўнейшых юбілейных датаў у гісторыі нашага краю – 150 гадавіну паўстання на былых землях Рэчы Паспалітай.
У склад гэтага дзяржаўнага ўтварэння ўваходзіла і цяперашняя Беларусь. Гістарычная навука розных краінаў тое паўстанне называе па-рознаму. У беларускай гістарыяграфіі яго прынята называць “Паўстаннем 1863-1864 гадоў”, альбо “Паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага”.
Існуе шмат спрэчак як сярод навукоўцаў так і сярод грамадзян аб тым, ці з’яўляецца Каліноўскі беларускай постаццю, ці сапраўды ён дамагаўся незалежнасці Паўночна-Заходняга краю Расейскай Імперыі і наогул ці быў Каліноўскі героем? Але зразумела адно: і ў артыкулах беларускіх адраджэнцаў пачатку ХХ стагоддзя, і ў часы БССР і ў сучаснай незалежнай Беларусі асоба Каліноўскага ўшаноўвалася. У мастацтве, кіно альбо ў назвах геаграфічных аб’ектаў. Але нягледзячы на гэта, напрыклад, колькасці месцаў ушанаваных імем таго ж Уладзіміра Леніна, Каліноўскі прайграе са значным адставаннем. У нашым горадзе, няма нават вуліцы названай у гонар героя.
Напрыканцы мінулага года маладыя людзі з Берасця вырашылі простым чынам узняць дыскусію аб Паўстанні 1863-1864 гадоў. Шэраг ініцыятываў праводзілі вандроўкі па мясцінах паўстання, ладзілі мерапрыемствы. Апроч таго, адна з ініцыятыўных груп моладзі вырашыла прапанаваць мясцоваму гарвыканкаму надаць назву адной з новаўтвораных вуліц гораду імя Кастуся Каліноўскага.
Матывацыя была простая: 175-я гадавіна з дня яго нараджэння, 150-я гадавіна з даты паўстання, маючыя адбыцца спартовыя і культурніцкія падзеі, дамінацыя ў назвах геаграфічных аб’ектаў імёнаў не беларускіх. Была праведзена кампанія “За вуліцу Каліноўскага ў Брэсце”. Моладзь самаарганізавалася і ўласнымі намаганнямі прымусіла чытаць і аналізаваць значэнне асобы Каліноўскага, пакідаць подпісы за вуліцу і проста папулярызаваць імя героя.
Што з гэтага атрымалася, пакуль не вядома, але днямі маладыя людзі атрымалі адказ за подпісам намесніка старшыні берасцейскага гарвыканкаму, пра тое, што прапанова моладзі будзе разгледжана на пасяджэнні каардынацыйнага савета па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў першым квартале 2014 году. То бок цягам 3 месяцаў. Якое рашэнне прыме ўлада, невядома, але грамадская ініцыятыва неабыякавых да сваёй гісторыі людзей прынамсі прымусіць цяперашнія эліты ва ўладзе задумацца над гэтым пытаннем і абмеркаваць яго. А моладзь працягне святкаваць 150 угодкі паўстання, якое сталася крокам да незалежнасці той краіны, у якой мы зараз жывем.
08.01.2014
Ігнат Вітажэнец
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…