У малой зале гарвыканкама адбылося чарговае пасяджэнне Баранавіцкай гарадской выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў гарсавета. Камісія прыняла рашэнне аб рэгістрацыі яшчэ 29 ініцыятыўных груп па збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Баранавіцкага гарсавета. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Прэтэндэнтамі ў кандыдаты па Баранавіцкай выбарчай акрузе № 20 сталі мясцовы прадпрымальнік Зміцер Аўгуст і супрацоўнік гарадскога аўтобуснага парка Сяргей Дубешка. Былы кіраўнік справамі гарвыканкама Эдуард Якімчык стаў прэтэндэнтам ў кандыдаты па Баранавіцкай выбарчай акрузе № 17. Начальнік гарадской міліцыі Вячаслаў Герасімовіч зарэгістраваны прэтэндэнтам у кандыдаты па выбарчай акрузе № 5.
ТВК зарэгістравала таксама ініцыятыўную групу па збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты гарсавета па выбарчай акрузе № 35, сябра Партыі БНФ Мікалая Чарнавуса.
Нагадаем, што 14 студзеня Баранавіцкая ТВК ўжо зарэгістравала 6 ініцыятыўных груп па збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты. Такім чынам, у Баранавічах ужо зарэгістраваны 35 ініцыятыўных груп. Усяго на мясцовых выбарах 23 сакавіка павінна быць абрана 36 дэпутатаў Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Крыніца: spring96.org