Напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Сочы Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) праводзіць акцыі пратэсту супраць парушэнняў правоў чалавека ў Расіі. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
За тыдзень да пачатку Алімпіяды, 1 лютага, такая акцыя адбылася ў Парыжы. Прадстаўнікі FIDH сумесна з Amnesty International, асацыяцыяй Хрысціянскае дзеянне супраць катаванняў (l’Action des chrétiens contre la torture – Acat), Inter-LGBT і Russie-Libertés выйшлі на пратэст пад лозунгам «Сочы: за кольцамі – краты» ( Sotchi : des barreaux derrière les anneaux).
Як паведамляе сайт Міжнароднага французскага радыё (RFI), у акцыі ўзялі ўдзел 170 чалавек, якія сабраліся на плошчы Сталінграда. Удзельнікі былі апранутыя ў рознакаляровыя камбінезоны і склалі жывыя алімпійскія кольцы. У цэнтры кожнага кальца знаходзіўся малюнак з сімвалічнай выявай аднаго з правоў чалавека, якія парушаюцца ў Расіі.
Французскія праваабаронцы асудзілі парушэнне правоў на свабоду слова і маніфэстацыяў, а таксама катаванні, парушэнні правоў мігрантаў і гомасэксуалістаў.
«Мы не заклікаем да байкоту Алімпійскіх гульняў у Сочы, – заявіла агенцтву Франс-прэс прадстаўнік FIDH Саша Кулаева. – Але мы лічым, што гэтыя гульні – ключавы момант, каб нагадаць пра парушэнне правоў чалавека ў Расеі». «У апошнія два гады ў Расіі было прынята каля тузіна законаў, што забіваюць свабоду. Пасля 20 гадоў свабоды мы бачым вяртанне рэпрэсіўных мераў, вартых Савецкага саюза», – цытуе Сашу Кулаеву АФП.
Праваабаронцы пратэставалі перад штаб-кватэрай Еўрасаюза, папярэдне накіраваўшы адкрыты ліст аб неабходнасці падняць пытанне правоў чалавека на саміце. «Праз два тыдні ўвагу ўсяго свету будзе прыкавана да XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, ля падножжа Каўказскіх гор – рэгіёну, адзначанага гадамі самавольства і гвалту. На саміце Расія- Еўрасаюз 28 студзеня неабходна публічна асудзіць парушэнні правоў чалавека ў Расіі і суседніх з ЕС краінах, якія знаходзяцца ў сферы ўплыву Расіі», – гаворыцца ў лісце за подпісам Прэзідэнта FIDH Карыма Лахіджы. Далей у звароце пералічваюцца праблемы, на якіх Еўрасаюз у першую чаргу павінен засяродзіць сваю ўвагу: рэпрэсіўныя законы, рэпрэсіі ў адрас грамадскіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, палітычныя зняволеныя, парушэнні правоў чалавека мігрантаў і сітуацыя ва Украіне, дзе вырашальную ролю мае ўплыў Расеі.
Нагадаем, што з прычыны парушэнняў правоў чалавека ў Расіі пра адмову ад удзелу ў цырымоніі адкрыцця і іншых афіцыйных мерапрыемствах Алімпіяды раней заявіў цэлы шэраг сусветных лідэраў, у тым ліку першыя асобы Германіі, ЗША, Францыі, Бельгіі, Польшчы і Літвы.
Крыніца: spring96.org
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…