Наша Мова

Дзедзіч павіншаваў берасцейцаў з днём усіх закаханых

Учора, 14 лютага, на вуліцы Савецкая дзедзічы разам з сябрамі з гісторыка-культурнага абэяднання “Харугва” зладзілі невялікую святочную акцыю – каля 1000 мінакоў атрымалі беларускамоўныя валянцінкі.

Фота: euroradio.fm

Ідэя такой акцыі паўстала ў рамках праекту “НАША МОВА”. Распачалася акцыя раней за само свята – у сацыяльных сетках быў абвешчаны конкурс на лепшую паштоўку пад назвай “Кахай па-беларуску”, ахвотныя дасылалі свае варыянты беларускамоўных валянцінак.

Перамог у конкурсе Яўген Ангалюк, студэнт-маркетолаг з Берасця. На паштоўцы – шчаслівы снегавік з чырвоным сэрцайкам у далоні – усё ж такі свята ў халодны зімовы месяц, хаця сёлета надвор’е нас здзіўляе і радуе.

Пра раздачу паштовак распавяла адна з удзельніц акцыі, Таццяна:

“Людзі ўспрымаюць нашу ініцыятыву па-рознаму. Прыемна, калі адказваюць па-беларуску, прыемна, калі просяць яшчэ паштоўку для сяброўкі. Некаторыя шукаюць падвох – пытаюцца, што мы за фірма такая. Мне здаецца, гэта добрая акцыя – яна канешне ніякая не лёсавызначальная для беларускай мовы ці грамадства, але для тых, хто атрымаў нашыя валянцінкі у гэтае свята стала крыху цяплей”.

Наступны конкурс у рамках праекту “Наша мова” – “Берасцейскі ВЕРШнік” распачнецца ўжо на наступным тыдні. Сачыце за падрабязнасцямі на нашым сайце і у сацыяльных сетках.

Пакінуць адказ