Ірына Палто паспяхова скончыла філалагічны клас Ліцэя БДУ, і можа здавацца, што лагічна было б працягнуць адукацыю ў БДУ, але зараз Іра навучаецца ў Turіba University у Латвіі. Чаму яна вырашыла зрабіць такі выбар і якой яна бачыць сваю будучыню праз некалькі гадоў?
Думаю, не здзіўлю, калі скажу, што Швейцарыя зараз з’яўляецца лідуючай краінай у спецыяльнасці Internаtional Tourism Management, але, на жаль, з-за фінансавага становішча і няпоўных грантаў не змагла дазволіць сабе вучыцца там. Але выбар спецыяльнасці праз гэта не змяніўся: шукала ВНУ, якая акрэдытавана UNWTO і якая прызнаная менавіта па накірунку, які мне цікавы.
Так што магу сказаць дакладна, што паступала не з-за імя ўніверсітэта і не з-за месца ці горада, – гэта хвалявала далёка не ў першую чаргу. Падрыхтоўка і само паступленне праходзілі без істотных праблем: нядрэнны сярэдні бал атэстата, пацверджанне ведаў ангельскай на высокім узроўні, матывацыйны ліст і тэст па social science – даволі стандартны набор для эўрапейскіх ВНУ.
Калі казаць пра спадзяванні: не думаю, што гэтыя паказчыкі нейкім чынам ўплываюць на працэс навучання. Тыя, хто жадаюць нешта рабіць – робяць, хто не – можна абмежавацца паходамі на пары і аплатай поўнага кошту навучання. Кажучы пра складанасці прыстасавання, варта адзначыць, што тут працэс навучання накіраваны на самападрыхтоўку, у той час, як у беларускіх ВНУ цябе сапраўды прымушаюць вучыцца або імкнуцца гэта рабіць, асабліва гэта тычыцца прадметаў зусім непатрэбных. У нас такіх няма. Здавалася б на першы погляд, дастаткова шмат вольнага часу, які потым адводзіцца на самастойную падрыхтоўку. І падрыхтоўка займае, сапраўды, больш часу. На мой погляд, у Менску трошкі губляецца запал да прадмету вывучэння з-за не зусім правільных метадаў выкладання, таму, мабыць, карысна з’ехаць атрымліваць адукацыю за мяжу.
Але зноў жа паўтаруся: можна вучыцца, аплочваючы поўны кошт, хадзіць на пары, здаць як-небудзь сесію, такім чынам “працуючы на дыплом”, ніяк і не напружваючыся і не задумваючыся аб тым, што ж рабіць далей… Такія людзі тут таксама ёсць. Да новага ладу жыцця прывыкаць не прыйшлося: выдатна ведала, куды ехала, няведанне латышскай – не так страшна, хоць без мовы даволі цяжка знайсці падпрацоўку. Адрозненні ў жыцці і адукацыі заўважаеш адразу, але адаптавацца даволі лёгка.
Яшчэ адной прычынай, з-за якой варта было з’ехаць сталі магчымасці: ты можаш паспрабаваць double-degree program (магчымасць атрымання двайнога дыплома ў Францыі ці Англіі), Erasmus, ды і яшчэ мноства абменаў, праграмы ад UN і UNWTO, стажыроўкі, абавязковая штогадовая практыка… Так што з поўнай упэўненасцю магу сказаць, што гэта нядрэнны старт і ехаць сюды хутчэй трэба не за “еўрапейскім дыпломам”, а за магчымасцямі, якія тут прапаноўваюцца студэнтам. Мне, сапраўды, падабаюцца прадметы, якія выкладаюцца. Што датычыцца навучання, то тут толькі ад цябе залежыць, што атрымаеш на выхадзе… Таму я раблю ўсё, што ў маіх сілах, не абмяжоўваюся матэрыяламі, якія даюць на парах.
Для мяне адукацыя за мяжой – гэта шанец атрымаць добрыя веды і досвед у той справе, якая мне падабаецца. Гэта не спосаб атрымаць эўрапейскае грамадзянства ці мультывізу і развітацца са сваёй краінай.
Тут выдатныя выкладчыкі, вялікая колькасць літаратуры, якую варта праштудзіраваць, вельмі шмат дадатковых семінараў і канферэнцый, праектаў, якія спачатку так цяжка абраць … Так што я будую сваю будучыню самастойна, звязваючы яго хутчэй з атрыманым тут досведам, чым з дыпломам.
Тым, хто яшчэ не вызначыўся з тым, чым будзе займацца ў будучыні, хочацца сказаць, што не ўніверсітэт робіць табе імя – толькі ты і тое, чым ты займаешся. Так што не варта гнацца за прыгожай статыстыкай, не варта адчайвацца, калі няма сродкаў на пражыванне ў краінах, куды жадаеш паступіць.
І нават калі не ведаеш, чаго хочаш па жыцці, – займайся тым, што табе цікава, не бяжы па ўжо вядомаму шляху, хапайся за любую магчымасць – і ў адзін нечаканы момант твая будучыня пачне выбудоўвацца куды выразней, чым здавалася раней.
Насамрэч, я не ведаю нават таго,што адбудзецца са мной заўтра, і мне гэта вельмі падабаецца, люблю прыгоды і нечаканасці. Я б з задавальненнем рэалізавала свае ідэі ў сваім горадзе. Зараз я не ўдзельнічаю актыўна ў жыцці краіны, але сачу за тым, што адбываецца. Але гэта зусім не гаворыць пра тое, што я не вярнуся. Для мяне галоўнае – рэалізаваць свае ідэі. І калі я змагу зрабіць гэта ў роднай краіне, то чаму не?
Калі ў мяне будзе такая магчымасць, і мне дадуць зрабіць тое, што я хачу, то застануся ў Менску. Калі я прыязджаю ў Рыгу я не адчуваю сябе дома. А ў Менску, якім бы неідэальным ён ні быў, ты адчуваеш сябе на сваім месцы, таму што Менск – гэта Менск, тут нават тлумачыць нічога не трэба.
Крыніца: adukacyja.info