Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў прыватную скаргу ў Калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда на вызначэнне суда Цэнтральнага раёна аб спыненні вытворчасці па справе ўнясення у “чорныя спісы” сайта spring96.org. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
18 лютага суд Цэнтральнага раёна г.Мінска пры разглядзе скаргі на рашэнне Генпракуратуры ўнесці сайт spring96.org у спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў, вынес вызначэнне, згодна з якім Стэфановіч Валянцін прызнаны неналежным заяўніком, паколькі не з’яўляецца ўласнікам сайта spring96.org, яго асабістыя правы праз унясенне сайта ў спіс забароненых не парушаныя. Акрамя таго, суд пастанавіў спыніць вытворчасць па грамадзянскай справе.
Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры у ходзе судовага паседжання выказаў сваё меркаванне аб тым, што лічыць неабходным спыніць вытворчасць па справе, паколькі пастанова Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь ад 08.08.2011 г. аб уключэнні ідэнтыфікатара інтэрнэт-рэсурса spring96.org у спіс абмежаванага доступа не закранае правоў заяўніка.
Валянцін Стэфановіч у прыватнай скарзе адзначае, што “суд прыйшоў да высновы, што ў адносінах да мяне пастановай Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь ад 8 жніўня 2011 г. ніякія абмежаванні не прымаліся, мае правы парушаны не былі. Такім чынам, на думку суда, я з’яўляюся неналежным заяўніком, паколькі ў сілу заканадаўства не надзелены правам на абскарджанне дадзенай пастановы”.
З вызначэннем, вынесеным судом Цэнтральнага р-га г. Мінска праваабаронца не згодны, паколькі лічыць, што яно не заснавана на законе і парушае ягонае законнае права на абскарджанне дзеянняў дзяржаўнага органа, якія парушаюць правы, у судовым парадку.
Таму Валянцін Стэфановіч просіць Калегію па грамадзянскіх справах Мінгарсуда адмяніць вышэйзгаданае вызначэнне суда Цэнтральнага раёна і абавязаць суд аднавіць вытворчасць па скарзе для разгляду яе па сутнасці.
Каментуючы вызначэнне Валянцін Стэфановіч адзначае наступнае:
“Учора я падаў прыватную скаргу у Менгарсуд на вызначэнне суда Цэнтральнага раёна аб спыненні вытворчасці па маёй скарзе, паколькі з ім нязгодны і лічу гэтае вызначэнне незаконным. У сваім вызначэнні суд спаслаўся на падставу аб спыненні вытворчасці п.1 ч.1 арт. 164 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса, гэта значыць – справа непадведамасная судам.
Аднак жа скарга падавалася ў парадку вытворчасці па справах, якія вынікаюць з адміністратыўна- прававых адносінаў, а такая катэгорыя спраў паводле ГПК судам падведамасная”.
Таксама Валянцін Стэфановіч лічыць памылковай выснову суда аб тым, што ён нібыта з’яўляецца неналежным заяўнікам:
“Любы грамадзянін, калі ён лічыць, што ягоныя правы парушаныя, мае права звярнуцца ў суд. У дадзеным выпадку я законна скарыстаўся сваім законным правам і суд павінен быў прыняць рашэнне па справе: альбо прызнаць дзеянні, якія абскарджваюцца, законнымі і адмовіць у задавальненні скаргі, альбо прызнаць незаконнымі і абавязаць прыняць меры па аднаўленні маіх парушаных правоў. Грамадзянска-працэсуальны кодэкс у прынцыпе не ўтрымлівае такога паняцця, як неналежны заяўнік, яго проста не існуе. Таму гэтае вызначэнне абмежавала мае правы на зварот у суд як грамадзяніна, а суд ухіліўся ад дачы ацэнкі гэтых фактаў і прыняцця рашэння. Думаю, мы яшчэ сустрэнемся у судзе Цэнтральнага раёна з шаноўным пракурорам і суд будзе разглядаць маю скаргу па сутнасці. Мы вернемся таксама да дыскусіі адносна абмежавання доступу да інтэрнет рэсурса spring96.org.”
Крыніца: spring96.org