Калі хтосьці са знаёмых даведваецца, што я зараз жыву ў Таліне, каментарый кожнага другога: «Ці далёка да Таліна?» (песня гурта «Гарачыя гaлoвы»). Калі нехта даведваецца, што я вучуся ў Эстонскай школе дыпламатыі, то кажа: «Крута! Як ты туды трапіла?».
Кацярына Карлюк скончыла факультэт міжкультурных бізнес-камунікацый БДЭУ, працавала ў Інфармацыйным пункце Рады Еўропы ў Менску, цяпер навучаецца ў Эстонскай школе дыпламатыі.
Калі вы маеце цікавасць да міжнародных адносінаў, еўрапейскай інтэграцыі і дыпламатыі, то вам сюды. Навучанне доўжыцца 9 месяцаў (сярэдзіна верасня — травень), пасля заканчэння выдаецца дыплом. Нягледзячы на тое, што праграма не з’яўляецца магістарскай, гэта добры трамплін для далейшага паступлення ў магістратуру.
Працэс паступлення
Зацікаўленыя кандыдаты мусяць падаць анлайн-заяўку на сайце Школы. Неабходна запоўніць анкету, далучыць рэзюмэ, матывацыйны ліст, копію і выпіску з дыплома (афіцыйны пераклад неабавязковы), копію пашпарта, здымак і эсэ на заданную тэму.
Падчас майго паступлення дэдлайн быў 31 траўня, пасля чаго са мной правялі сумоўе ў скайпе, што заняло ўсяго 15 хвілін. І ўжо 7 чэрвеня я атрымала запрашэнне на вучобу. Для мяне адказ на пытанне “Ці пацверджваеш свой удзел у праграме” быў відавочны.
Падрыхтоўка да пераезда. Прывітанне, Талін!
Арганізатары школы дапамагаюць у адкрыцці візы, а таксама вяртаюць візавы збор па прыездзе ў Талін. На вучобу трэба прыехаць 14-16 верасня. З Менску да Таліна зручна дабірацца на аўтобусе (начны пераезд, Ecolines ці Luxexpress), квіток каштуе каля 30 еўра, што добра, паколькі дарогу ўдзельнікі аплочваюць самі.
Школа пакрывае выдаткі на навучанне, арэнду кватэры ў цэнтры (5 хвілін да старога горада і 1,5 хвіліны да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе знаходзіцца офіс Школы і праходзіць само навучанне), а таксама выплочвае штомесячную стыпендыю ў памеры 450 еўра.
Заняткі праходзяць 5 разоў на тыдзень — з 16.45 да 19.45. Група складаецца з 28 чалавек з 10 краінаў: Беларусь (3), Украіна (4), Малдова (4), Грузія (4), Арменія (3), Азербайджан (2), Таджыкістан (1), Македонія (1), Афганістан (1) і Эстонія (5 чалавек).
Навучанне адбываецца па-ангельску, таму патрабуецца добрае веданне мовы.
Вучоба vs. Адпачынак
Навучанне ў Школе — суцэльная асалода. Выкладчыкі з розных краінаў, у кожнага свой стыль выкладання, але ўсе аднолькава ветлівыя. Актыўны ўдзел у семінарах заахвочваецца. Курсы інтэнсіўныя, і пасля заканчэння кожнага з іх трэба здаваць іспыт ці пісаць эсэ — на падрыхтоўку даецца месяц. Працягласць кожнага курса ў сярэднім складае 2 тыдні. Сканчваецца адзін курс, пачынаецца наступны, і адначасова рыхтуешся да іспыту ці пішаш эсэ.
Навучальны план на мінулы год можна паглядзець на сайце школы.
Школа арганізуе таксама шмат мерапрыемстваў па-за межамі навучальнага працэса – дыскусіі, канферэнцыі, экскурсіі і інш.
Ці ёсць мінусы?
Для мяне мінусаў няма. Я атрымала тое, чаго хацела, і нават болей. Я закахалася ў Талін, заўважаю толькі станоўчае і пазітыўных людзей. Адчуваю сябе як дома. Зіма такая ж халодная, як і ў Беларусі, хаця ў гэтым годзе было значна цяплей.
Калі жывеш у цэнтры, можна дайсці пешкі амаль куды заўгодна. Для мясцовых жыхароў праезд у грамадскім транспарце бясплатны, а паколькі студэнты Школы дыпламатыі атрымалі дазвол на часовае жыхарства, то і для нас таксама.
Умовы пражывання цудоўныя: у кватэры жыве па 3 чалавекі, у кожнага свой пакой. Побыт адладжаны, усё вельмі камфортна.
Я жадаю ўсім зацікаўленым падаваць заяўкі і лавіць удачу. Адзіная парада: падумайце, ці сапраўды вас цікавіць гэтая праграма, калі ёсць сумневы, вызвальце дарогу іншым, тым, хто дакладна вызначыўся са сваімі мэтамі.
Кацярына Карлюк
Крыніца: adukacyja.info