Грамадства

Журналістку не акрэдытавалі на выбарчым участку, спаслаўшыся на тое, што яна ўжо зарэгістравана назіральнікам

Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”   Як паведаміла Іна Хоміч, ад пачатку датэрміновага галасавання яна сапраўды была на выбарчым участку, што месціцца ў брэсцкай гімназіі №2, у якасці назіральніка.

Калі ж Хоміч не далі магчымасць сфатаграфаваць пратакол для галасавання (што ўжо ёсць парушэннем заканадаўства), яна паказала сябрам выбарчай камісіі пасведчанне карэспандэнта газеты “Брэсцкі кур’ер” і заявіла, што будзе надалей знаходзіцца на ўчастку ў тым ліку і як журналіст.

“Аднак сакратар камісіі, пасля нейкай размовы па тэлефоне, паведаміў, што выбарчае заканадаўства нібыта забараняе мне быць і назіральнікам, і прадстаўніком СМІ, – кажа Іна Хоміч. – Але назваць артыкул Выбарчага кодэкса, дзе пра гэта гаворыцца, ён не здолеў”.  Тым не менш, Іне Хоміч адмовілі ў акрэдытацыі ў якасці прадстаўніка СМІ.

У адказе на скаргу журналісткі старшыня ўчастковай камісіі Аксана Івашова спаслалася на тлумачэнні “Дапаможніка для членаў участковых выбарчых камісій”, зацверджанага пастановай Цэнтрвыбаркама 17 снежня мінулага года. “Але я прагледзіла гэты дапаможнік: там тлумачыцца, што ёсць назіральнікі, а ёсць журналісты, аднак нічога не гаворыцца пра забарону сумяшчаць абедзьве функцыі”, – кажа Іна Хоміч, якая па-ранейшаму лічыць беспадстаўнымі дзеянні ўчастковага выбаркаму ў гэтым пытанні.

naziranne
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ