Тэзаўрус

Любоў і каханне (і беларуская мова)

Наша беларуская мова нездарма лічыцца мілагучнай і красамоўнай. А даказаць гэта вельмі проста, трэба толькі ўзгадаць, як і што гавораць беларусы пра адно з самых чароўных і таямнічых пачуццяў у жыцці чалавека.

50

Перш за ўсё вядома, трэба звярнуцца да розніцы паміж каханнем і любоўю. Недзе быў такі дэматыватар “Беларуская мова – гэта тое, што дапаможа не называць любоў да піва і каханне да дзяўчыны адным і тым жа словам”. “Каханне” гэта нешта падобнае да таго самага “Эраса” Зігмунда Фройда, што можа быць толькі паміж жанчынай і мужчынай (ну і як паказвае практыка, яшчэ некаторыя іншыя варыяцыі). Таму нельга сказать, што вы кахаеце нейкі, напрыклад, серыял – нават калі вы яго моцна-моцна любіце, кахаць яго аніяк не атрымаецца.

Ёсць яшчэ шмат іншых цікавых словаў. Напрыклад – “замілаванне”, якое акрамя самой любові нясе ў сабе значэнне шчасця ды пяшчоты. Ці “поцяг” – пажада, сэксуальнае жаданне. Дарэчы да слова “сэкс” у нашай мове ёсць свой беларускі адпаведнік – “любошчы”, а бавіцца ім будзе “кахацца” ці “любіцца”. Слова “мілавацца” – крыху больш цнатлівае, з большага пацалункі ды абдымкі. І канешне, у беларускай мове ёсць шмат іншых словаў, звязаных з гэтым цікавым працэсам – паглядзець некаторыя з іх можна тут.

“Наша Ніва” апублікавала неяк даволі цікавы артыкул, пад назвай “Малы беларуска-беларускі слоўнік любоўных паняццяў”, дзе былі дадзеныя сінонімы найбольш распаўсюджаным словам, звязаным з каханнем:

“Сінонімы:
Абдоймы – абдымкі.
Атуляць – абдымаць, ахінаць (цяплом, пяшчотай).
Буська, буся — лёгкі пацалунак. «Дай бусю!» — пацалуй! Просяць як малых, так і вялікіх.
Датклівы — чуллівы, далікатны.
Жарсць — страсць, палкасць, захапленне.
Жарсны — палкі, гарачы ў каханні.
Заляцацца да жанчыны (мужчыны) — рас. ухаживать за женщиной (мужчиной), анг. to рay court to a woman (man).
Залёты — рас. ухаживания, анг. courting.
Залётнік — кавалер, рас. ухажёр, анг. ladies’ man.
Замілаванне — любоў, шчасце.
Каханак≠палюбоўнік. Вы закаханыя адно ў аднаго? Значыцца, вы каханкі, і няважна, жанатыя вы ці вы не, і ці жанатыя ўвогуле. А вось палюбоўніца (палюбоўнік) можа з’явіцца толькі ў жанатага мужчыны (замужняй жанчыны).
Лашчыць – гладзіць, пяшчотна датыкацца.
Любасць — любоў.
Пабрацца шлюбам — ажаніцца.
Узяць шлюб — ажаніцца.
Улялюшчыцца па самыя вушы — моцна закахацца, утрэскацца. Гэты выраз ужываецца з адценнем жартаўлівасці.

Любоўныя эпітэты:
Прыгожая, гожая, харошая, пекная, грэчная, красная. файная.
Чароўная, цудоўная, вабная, прывабная, прываблівая, панадная, дзівосная, дзіўная.
Вытанчаная, вышуканая, далікатная, зграбная.
Асляпляльная, шыкоўная, раскошная, невыказная, невымоўная, ашаламляльная”.

Канешне, народная думка не спынілася толькі на стварэнні словаў, таму на прыканца ўзгадаем яшчэ некалькі беларускіх прыказак:

Без пары няма кахання.
Каханне і кашаль не схаваеш.
І галубок гукае, як пару шукае.
Любі Якава, ды не ўсякага.
Цяжка ўздыханне – далёка каханне.
Сэрцу не загадаеш, каго любіць.
Хоць пад лаўкаю пасяджу, а на любага пагляджу.
Хоць у шалашы, абы мілы на душы.

 

Пакінуць адказ