Грамадства

Жыхара Брэста хочуць пакараць за пікет супраць хуткага выканання смяротных прысудаў

Акцыя, у якой браў удзел Дзмітрый Рабцэвіч, адбылася 28 сакавіка, калі ён выйшаў у цэнтр горада з плакатам, на якім было напісана “Не – хуткім расстрэлам” і “Жыццё альбо смерць”.   Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Актывіст хацеў прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы хуткага выканання смяротных прысудаў у Беларусі пасля ўступлення іх у законную сілу. Дзмітрый Рабцэвіч прастаяў з плакатам літаральна 10 хвілін, пасля чаго да яго падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў РАУС Ленінскага раёна Брэста. Там у затрыманага ўзялі тлумачэнні, канфіскавалі плакат і адпусцілі без складання пратаколу.

Аднак на гэтым тыдні Рабцэвічу патэлефанавалі з міліцыі і выклікалі ў пастарунак, дзе склалі пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Як заўважае праваабаронца Раман Кісляк, пратакол складзены такім чынам, што незразумела, якое менавіта правапарушэнне здзейсніў Дзмітрый Рабцэвіч. Сам Кісляк лічыць, што актывіст не парушыў закон, а скарыстаўся правам на свабоднае выказванне свайго меркавання, што прадугледжана Канстытуцыяй і міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Крыніца:  spring96.org

ne_smiarotnamu_pakaranniu

Пакінуць адказ