Грамадства

Улады забаранілі дзіцячы спектакль незалежнага тэатра “Крылы халопа”

Вулічны выступ тэатра са спектаклем-парадам “Малефіцыум” мусіў адбыцца 3 мая падчас фестываля асаблівых тэатраў “Непратаптаны шлях”, што зараз ладзіцца ў Брэсце. Паводле  Праваабарончага цэнтра “Вясна”teatr-brest

Гэты фестываль адбываецца штогод, і ў ім бяруць удзел дзеці з псіха-фізічнымі асаблівасцямі развіцця. Калектыў “Крылаў халопа” збіраўся правесці майстар-класы для гэтых самадзейных артыстаў, а пасля прайсціся разам з імі па цэнтральных вуліцах горада.

Аднак за некалькі дзён да выступу з’явіліся звесткі, што арганізатары імпрэзы – грамадскае аб’яднанне “Інвалід і асяроддзе” выключылі спектакль з праграмы фестываля. Прычым зрабілі гэта пасля таго, як пра вулічны выступ даведаліся чыноўнікі з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама.

Прадстаўнікі незалежнага тэатра “Крылы халопа” упэўненыя, што менавіта гарадскія улады спрычыніліся да забароны спектаклю, нават нягледзячы на тое, што раней “Малефіцыум” ужо можна было ўбачыць ў Брэсце: напрыклад, у 2007-м годзе гэты спектакль дэманстраваўся ў межах міжнароднага тэатральнага фестываля “Белая вежа”. Але справа ў тым, што з нядаўняга часу выступы тэатра “Крылы халопа” лічацца “непажаданымі”: на пачатку сакавіка падводле сумнеўных прычынаў быў адменены дакументальны спектакль пра Чарнобыль, нібыта з-за рамонту ў Цэнтры культуры і адпачынку ў брэсцкім мікрараёне Паўднёвы.

Фота  teatrkh.com

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ