Актывіст Руху “За свабоду” Дзмітрый Рабцэвіч заклікае ўрад унесці ў парламент прапанову аб выключэнні са сферы дзеянняў Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” адзіночнага пікетавання. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
У сваім звароце, накіраваным у Савет Міністраў РБ, Рабцэвіч адзначае, што зараз склалася ненармальная сітуацыя, калі згаданы закон рэгламентуе правядзенне адзіночных мерапрыемстваў у выглядзе пікетавання. Актывіст Руху “За свабоду” лічыць, што прапанаваныя ім змены ў закон дазволяць у большай ступені рэалізаваць грамадзянамі права на выказванне свайго меркавання.
Гэтую прапанову падтрымлівае і праваабронца Раман Кісляк, які называе абсурдным з’яўленне у згаданым законе словазлучэння “адзіночнае масавае пікетаванне”. Па меркаванню Кісляка, “заканадаўчыя абмежаванні гэтага закона актуальныя для сапраўды масавых мерапрыемстваў, але не для адзіночнага пікетавання”. Праваабаронца ўдакладніў, што ў іншых краінах адзіночныя пікеты ладзяцца без атрымання дазволу і без абмежаванняў, якія ўсталёўваюцца для масавых мерапрыемстваў.
Крыніца: spring96.org