Гісторыя

Бона Сфорца

Клеапатра, Лізавета Англійская, Маргарэт Тэтчэр — у розныя эпохі на палітычным небасхіле з’яўляліся жанчыны, якія змянялі свет і рабіліся сімваламі свайго часу. Нашая гісторыя таксама можа пахваліцца такімі асобамі.

Самай гучнай падзеяй 1518 года для нашых зямель стаў шлюб польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога з міланскай прынцэсай Бонай з дынастыі Сфорцаў. Гэтая падзея, як хутка выявілася, перавярнула жыццё краіны ў самых разнастайных сферах.

Такой экзатычнай каралевы ў Польшчы і Літве яшчэ не было. Родам з італьянскага княства, паходжаннем з уплывовай дынастыі, Бона Сфорца выхоўвалася ў Мілане і Неапалі пад моцным уплывам рэнесанснай культуры. Яна атрымала бліскучую адукацыю ў найлепшых італьянскіх вучоных і мысляроў. Ужо ў дзяцінстве яна вылучалася вялікімі здольнасцямі ў розных навуках, валодала ідэальна некалькімі мовамі (дарэчы, апынуўшыся ў Польшчы, вывучыла і польскую). Яе замілаваннем з ранняй маладосці былі мастацтва і танцы, а таксама… паляванне. Уся атмасфера выхавання і навакольнага жыцця, якое віравала ў Італіі, прыводзіла яе да актыўнай жыццёвай пазіцыі, да рашучасці ў дзеяннях і неардынарнасці ва ўчынках.

Бона паходзіла з дынастыі Сфорцаў, якую яшчэ ў XIV ст. пачаў славуты кандацьер Муцыа Атэндола. Назва дынастыі азначала сілу і ціск, і Бона па сваім тэмпераменце і амбіцыях як найлепей адпавядала гэтым якасцям. У 1518 г. яна ўзяла шлюб з манархам незнаёмай і зусім далёкай ад Італіі краіны ва ўзросце 24 гадоў. Жыгімонту Старому на той час споўніўся ўжо 51. Сваю маладосць Бона выдатна кампенсавала неўтаймаванай энергіяй і актыўным удзелам у дзяржаўных справах. Прытым рабіла яна гэта з вялікай дасведчанасцю і без ценю сумневаў вызначала прыватны і дзяржаўны інтарэс. Імкліва ўключыўшыся ў вялікую палітыку, яна стала ўплывовым гульцом як у замежных, так і ва ўнутраных справах. На міжнароднай арэне яна выступіла рашучым праціўнікам магутных Габсбургаў, шукала саюза з Францыяй і была прыхільніцай міру з туркамі. Сваёй мэтай яна паставіла стварэнне моцнай каралеўскай улады абсалютысцкага тыпу, тое, да  чаго імкнуліся ў той час многія еўрапейскія дзяржавы.

З самага пачатку Бону неўзлюбілі мясцовыя алігархі — магнаты і вяльможы, якія мелі шырокія ўладныя паўнамоцтвы праз сенат і сойм. Яна імкнулася паставіць іх на месца, вярнуць ім ролю мудрых дарадцаў караля, а не распараджальнікаў яго ўлады. Калі дакладна зразумець яе запаветную мэту — узмацненне аўтарытэту караля да максімальнай ступені, — то шмат што ў матывах яе дзеянняў робіцца вытлумачальным. І яшчэ Бона цудоўна разумела, што без матэрыяльнага падмурку — вялікіх грошай, моцнага войска, шыкоўнага двара — стаць даміноўнай сілай каралеўскай уладзе ў дзяржаве не ўдасца. І ў стварэнні гэтага падмурку яна праявіла сябе проста геніяльна.

У нашую беларускую гісторыю Бона Сфорца ўвайшла, па вялікім рахунку, з двума сюжэтамі. У першым яна — натхняльнік глыбокай аграрнай рэформы пад назвай “валочная памера”. Менавіта яна ў сваіх маёнтках пачала ўпарадкоўваць павіннасці, перасяляць сялян з мэтай ліквідацыі цераспалосіцы і паляпшэння ўгоддзяў, пераводзіць іх на грашовы чынш. Становішча сялян істотна змянялася — здараліся выпадкі, як, прыкладам, у Барысаўскай воласці ў 1532 г., калі яны слёзна прасіліся стаць падданымі Боны з прычыны лепшых умоваў жыцця і гаспадарання. Зразумела, у гэтым не было ніякай дабрачыннасці з боку італьянкі. Проста рацыянальная пабудова гаспадаркі, увага да працаўнікоў абарочвалася прыбыткамі, і Бона першай пачала ўкараняць такі перадавы досвед у Беларусі. Напэўна, трэба было быць пазбаўленай стэрэатыпаў і грузу “даўніны”, каб наважыцца на такую глабальную перабудову адносін на сяле. Іх вынікам стала імгненнае павялічэнне даходаў у маёнтках Боны. Яны сталі прыкладам як для манарха і яго дамену, так і для найбольш дальнабачных магнатаў і шляхты.

Другі вядомы сюжэт — гісторыя з Барбарай Радзівіл і яе шлюбам з сынам Боны Жыгімонтам Аўгустам, які стаў у 1548 г. манархам. Дарэчы, менавіта Сфорца была аўтарам ідэі ўзвядзення на сталец Вялікага Княства зусім малога Жыгімонта Аўгуста ў 1522 г., тым самым гарантаваўшы пераемнасць трону. Дык вось, звычайна перад намі паўстае вобраз Боны як своеасаблівай Бабы Ягі, якая перашкодзіла шчасцю маладых і ўрэшце атруціла Барбару. Апошні факт так і застаецца недаказаным, а непрыхільнасць Боны да Радзівілаўны можна зразумець — гэты шлюб з маладым манархам не даваў дынастыі і яе інтарэсам, пра якія так моцна клапацілася Бона, ніякай карысці. Ад яго выйгравалі толькі Радзівілы, якія імкліва выбіліся ў галоўныя фаварыты караля. Бона, вядомая сваёй рэзкасцю і катэгарычнасцю, не магла ўхваліць учынак сына.

Шмат зрабіўшы для Польшчы і ВКЛ, у канцы жыцця Бона Сфорца вярнулася на радзіму, канчаткова рассварыўшыся з Жыгімонтам Аўгустам. Мы звыкліся з навязаным нам вобразам злоснай гнятлівай старой, якая толькі і думае аб сваім хцівым інтарэсе і пляце зламысныя інтрыгі. Аднак, здымаючы пыл стэрэатыпных ацэнак і меркаванняў, варта ўпомніць, што Бона Сфорца была незвычайнай прыгажуняй, якая ўмела бліскуча танчыць, ведала толк у мастацтве і модзе. Выклікае пашану і клопат пра інтарэсы дынастыі, які, згодна з рэнесанснымі звычаямі, не мог не перасякацца з клопатам пра інтарэсы дзяржавы. Нездарма сучаснікі пісалі, што Бона навучыла палякаў і літвінаў “апранацца ў шыкоўную вопратку, быць вытанчанымі і ветлівымі, адвучыцца ад сталага п’янства”. Бона прынесла нашым продкам так шмат, што яе жыццё і досвед вартыя нашага пераасэнсавання.

Андрэй Янушкевіч, Будзьма Беларусамі!

Пакінуць адказ