Грамадства

Жыхарам Віцебску ўдалося адстаяць сваё меркаванне пра помнік князю Альгерду

Пасля чатырохгадовых спрэчак і абяцанняў 27 чэрвеня ў Віцебску адчынілі помнік Вялікаму князю літоўскаму Альгерду, які быў выбітным палітычным і вайсковым дзеячом ВКЛ.   Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Помнік з’явіўся ў вялікай ступені дзякуючы таму, што гэтага дамагліся самі гараджане.

Князь Альгерд будаваў у Віцебску замкі, падчас ягонага кіравання сярэднявечны Віцебск дасягнуў істотнага росквіту. Аднак гэты князь хадзіў вайной супраць тагачаснай расійскай дзяржавы, і гэтая акалічнасць справакавала вялікія спрэчкі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ўсталявання.

Ініцыятыва паставіць помнік князю Альгерду сыходзіла ад гарадскіх уладаў, і ў 2009 годзе быў абвешчаны конкурс скульптурных праектаў. Але тут жа знайшліся “прадстаўнікі грамадскасці” , якія заявілі, што гэты князь – “чужы”, што ён быў “вораг праваслаўя і братняга рускага народа”. Шматлікія скаргі на віцебскіх чыноўнікаў, што нібыта “прадаліся Захаду і апазіцыянерам” былі накіраваныя ў многія дзяржаўныя інстанцыі…

Верагоднасць усталявання помніка ўжо пачала выклікаць сумневы, тым больш што з часу абвяшчэння ініцятывы прайшло некалькі гадоў, а справа з месца не рушылася. Пад ціскам “нязгодных” віцебскі гарвыканкам нават правёў нешта накшталт грамадскага абмеркавання праблемы “Ці патрэбны гораду помнік князю Альгерду”. І большасць гараджан выказалася “за”. Прычым зрабіла гэта не аднойчы: і на сайце гарвыканкаму, і на розных інтэрнэт-форумах, і ў калектыўных лістах, накіраваных мясцовым уладам.

Такім чынам, з’яўленне новага помніка ў Віцебску цалкам можна лічыць перамогай грамадства. Цяпер князь Альгерд можа стаць яшчэ адным брэндам Віцебску, бо гэта ўсяго толькі другая конная скульптура ў Беларусі, прысвечаная гістарычнаму мінуламу (першым быў помнік Усяславу Чарадзею, усталяваны ў Полацку), і першы паўнавартасны помнік Вялікаму князю літоўскаму на тэрыторыі былога ВКЛ.

Віцебскі досвед мусіць натхніць і жыхароў Наваградка: некалькі гадоў таму там таксама праводзіўся конкурс на лепшы праект помніка каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. Гэты помнік улады таксама паабяцалі ўсталяваць, аднак пакуль абяцанне не выканана.

Крыніца: spring96.org

vicebsk-algerd-pomnik

Пакінуць адказ