Чацвёрты дзень летніка “Залессе”

Калі ты едзеш у працоўны лагер, і гэта не ГУЛАГ, то кожны дзень у ім заўжды асаблівы. Першы дзень людзі знаёмяцца між сабой, усе намагаюцца паказаць сябе з лепшага боку, выглядаюць прыгожымі, стрыманымі і працавітымі. На другі дзень людзі прыціраюцца, шліфуюцца, каб пэўная колькасць разнастайных  людзей стала суполкай. Трэці дзень – пачатак сяброўства: можа быць мы ўжо не такія ўсе прыгожыя і працавітыя, але свае, родныя. І вось чацвёрты дзень.

Ён мае сваю спецыфіку: ты ўжо прывязаўся да людзей, ты стаў часткай агульнага, а засталося так мала часу быць разам, што намагаешся ў поўнай меры атрымліваць асалоду ад людзей, ад свежага паветра, ад фізічнай працы, ад самой атмасферы летніка.

Вось такім настроем быў прасякнуты наш чацвёрты дзень.

Такі настрой панаваў і тады, калі раніцай апынулася, што шашлыкі, якія гатаваліся палову ночы, той жа ноччу былі з’едзены без удзелу некаторых удзельнікаў. Такі настрой панаваў, калі пасля снядання, прыгатаванага нашымі дзяўчатамі і выдатным кухарам Дзянісам, усе ўзяліся за працу.  Раптам апынулася, што не толькі адзін Шанпэй – наш сябра з Японіі – умее капаць траншэі з такой адданасцю, якая была толькі ў Паўліка Марозава да партыі і Леніна. Хлопцы самааддана капалі  пакуль  астатнія прыбіралі смецце вакол дома, шпаклявалі, касілі траву, збіралі парэчку для кампота.  Стомленыя і брудныя мы паабедалі і паехалі на возера, каб хоць крыху больш адчуць сябе людзьмі, бо як апынулася, чалавекам можна адчуваць сябе толькі тады, калі на табе няма кілаграма бруду.

Калі ты адноўлены і чысты, можна плённа і з цікавасцю правесці час на семінары, чым мы і заняліся. Да нас прыехаў Міхаіл Мацкевіч, каб расказаць нам ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА НА ПАЛЬЦАХ. Ніколі бы не падумала, што правы чалавека можна патлумачыць так, каб слухачы не заснулі. А тут нават  поўнасцю наадварот:  уважліва слухалі, задавалі пытанні, дыскутавалі, і ў рэшце рэшт Міхаіл Мацкевіч так загіпнатызаваў нас, што многія выказалі жаданне прайсці базавы курс па правах чалавека =)

Вечар наш, прасякнуты ўсё тым жа настроем чацвёртага дня, быў багаты на вострыя пачуцці. Пачалося ўсё з таго, што мы  планавалі з’ездзіць за малаком у суседнюю вёску, а  паехалі  падарожнічаць па лясах і палях, збіраючы чарніцу і ганяючыся за зайцамі на машыне з дзіравым дном, бінзабакам у салоне і з каністрай малака за спінамі. Насмяяліся, накрычаліся, напужаліся і паехалі вячэраць. А потым пасля вячэры яшчэ смяяліся і пужаліся пад  фільм з Брэдам Пітам пра зомбі.

А ўночы каля вогнішча Дух Самурая прамаўляў да нас праз Шанпэя, які разам з гітарыстам Ромам імправізаваў на барабане. Пакуль усе не пазасыналі.

Вось такі ў нас быў чацвёрты дзень. А калі распавесці адным сказам, то ўсё было так: нас было мала, у нашым складзе хлапцоў было ў тры разы болей чым дзяўчат (на вялікі сум першых і вялікую радасць апошніх), але гэта быў выдатны дзень, напоўнены эмоцыямі, вострымі перажываннямі, задавальненнем ад працы і шчасцем ад лучнасці.

dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago