Грамадства

Баранавічы: фінансавання на беларускамоўны клас няма

Грамадская актывістка Таццяна Малашчанка атрымала ліст з гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія № 4 г. Баранавічы”, куды залічана яе дачка Яся Малашчанка, мовай навучання зацверджана руская. Паводле  Праваабарончага цэнтра “Вясна”

malashchanka

– У гэтым годзе Яся скончыла адзіны ў горадзе чацвёрты беларускамоўны клас СШ № 14,але ў сувязі са зменай месца жыхарства мы падалі заяву на навучанне ў пяты клас гімназіі № 4 і здалі іспыты. Дырэктар гімназіі Вадзім Шчарбакоў мяне адразу папярэдзіў, што гімназія цалкам рускамоўная,і Ясі прыйдзецца вучыцца па-руску, таму што фінансавых магчымасцяў для адкрыцця беларускамоўнага класа ў яго няма. Таму мы разам з бацькамі Алісы Філіпчык (другой вучаніцы беларускамоўнага класа СШ № 14) звярнуліся ў гарвыканкам, каб гарадскія чыноўнікі нам пасадзейнічалі ў фінансаванні беларускамоўнага навучання, – паведаміла Таццяна Малашчанка.

Яна адзначыла, што ў лісце з гарвыканкама паведамляецца, што з 23 па 25 жніўня 2014 года з бацькамі вучняў 5-х класаў гімназіі № 4 будуць праведзены сумоўі на прадмет выбару мовы навучання. Пры ўмове, што не менш за 24 вучні і іх законныя прадстаўнікі дадуць пісьмовую згоду на навучанне прадметаў на беларускай мове, такі клас будзе адкрыты.

Таццяна Малашчанка сказала, што Яся не ўяўляе, як яна будзе навучацца не па-беларуску, але яны добра разумеюць, як цяжка стварыць такі беларускамоўны клас, калі ідзе працэс скасавання беларускамоўнай адукацыі па ўсёй краіне.

 

Фота: Яся Малашчанка грае “Купалінку” на адкрыцці беларускамоўнай сядзібы “Ліцьвінаў кут”

Крыніца:  spring96.org

Пакінуць адказ