Культура

“Берасцейскія гарадскія святы – шашлык, піва і канцэрт”

У аўторак 19 жніўня Берасце наведала культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” з цікавай тэмай і, як вызначылі пад час 2-х гадзіннай афлайнавай дыскусіі берасцейцы, арганізацыйнай праблемай – “Ці могуць горадскія святы быць зробленыя… гараджанамі?”

На пачатку вызначым, што “гарадское свята – гэта публічная акцыя альбо вялікая падзея, якая праводзіцца як мінімум у маштабах горада” (са слоў Уладзіміра Булаўскага, VITEBSK4.ME).

У зале гатэля “Інтурыст” сабраліся журналісты, гараджане, якія маюць вопыт у арганізацыі “штучных” імпрэз і актыўныя людзі, якім не абыякава культарнае жыццё Берасця. Спікерам і сваеасаблівым каардынатарам дыскусіі выступіў Уладзімір Булаўскі, вядомы больш па культурнай прасторы VITEBSK4.ME.

Карэспандэнтка АРР “Дзедзіч” завітала на дыскусію і дазналася, з чым асацыюецца паняцце “гарадское свята” у берасцейцаў, чаму ў горадзе з большага культурнае жыццё-быццё ідзе па шаблону (стандарту) і самае галоўнае, як палепшыць ці змяніць сітуацыю сёння.

“Чаму прыйшлі на дыскусію?” – пытае адразу Ўладзімір. І панеслася з розных бакоў: паразмаўляць з экспертамі, паслухаць новыя ідэі, убачыць прафісіяналаў і канешне, выказаць сваю думку, жыхара Берасця, пра разнастайнасць гарадскіх святаў.

Не дзіўна, што з большага гаварылі пра шашлык, “псеўдазорак”, піва ды гарэлку кожны год. Для кагосьці гэта яшчэ адна прычына ўстаць з канапы, выйсці на вуліцу, паесці, купіць рэчы і зноў у свой куток.

Сёння свята не мае такога значэння: дзеля чаго яно ладзіцца і якую мэту нясе – выказвае думку жыхарка гораду.

Вынік – не праводзіцца маніторынг, апытанка людзей, што хацелася бы бачыць на гарадскіх святах, ці якіх спявакоў запрашаць на імпрэзу. У ідэале пасля пытаць у жыхароў іх асабістае меркаванне наконт канкрэтнай падзеі.

фото 1 (с лого)

“Ці наведваеце Вы гарадскія святы і чаго чакаеце ад іх” – цікавіцца спікер. Аўдыторыя падзялілася напалову – “за” і “супраць”. У аднаго – узнікае жаданне пакінуць горад, у другога – нагода сустрэцца са знаёмымі, якіх ужо не бачыў даўно, у трэцяга – адпачыць з сям’ёй. Былі і тыя, хто гарадское свята асацыюець з “масавым тупізмам”. І нават пагадзішся з апошняй думкай. Напрыклад, штогадовае свята – дзень горада нагадвае “зомбі-фэст”. З ранку да ночы песні-скокі, дым ад мяса і алкагольныя твары ў кожным закутку горада.

Спадар Юрась, грамадскі актывіст кажа:

Мінулым часам я ўсё больш сутыкаўся з адзелам культуры. Сэнс у тым, што змяняюцца спецыялісты і ёсць шаблоны правядзення гарадскіх святаў. Калі прыходзіць новы спецыяліст, у яго няма часу выдумваць штосьці новае, таму ён бярэ стары шаблон і пачынае працаваць па ім. Але праблема ў тым, што няма адкрытых колаў, куды грамадства можа прыйсці са сваёй ідэяй. Часцей за ўсё – гэта прыватныя знаёмства. Напрыклад, тэлефануе нам музей Берасця і запрашае на мерапрыемства. Таму што я ведаю дырэктара, сябры сяброў і г. д. Калі казаць глабальна – няма сувязі паміж уладай і грамадскімі ініцыятывамі, гараджанамі.

“Ці могуць гарадскія святы прыцягнуць увагу людзей з іншых гарадоў Беларусі, краін у Берасце?”

З пункту гледжання журналіста-фрылансера Іны Хоміч:

гарадское свята – гэта АМАП з турнікетамі, праз якія трэба прайсці і адаць сваю ваду, нават калі горача, а ўнутры купіць яшчэ адну, абавязкова канцэрт з невядомымі гуртамі і ўсеагульная папойка.

Іна лічыць, што ў Берасці няма “фішкі” дзеля якой можна паехаць са ўсёй Беларусі, і прывяла прыклады гарадскіх святаў-брэндаў – “Мотальскія прысмакі” і “Ружанская брама”.

Даведка: “Мотальскія прысмакі” – фэстываль народных промыслаў і мясцовых мясных вырабаў, які праходзіць у аграгарадку Моталь, Берасцейская вобласць.
“Ружанская брама” – гарадское свята, якое ладзіцца ў гарадскім пасёлку Ружаны, Пружанскі раён.

Дыскусія па гарадскіх святах (19.08.2014)

Тут публіка ўзгадала міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Але, насамрэч, гэта падзея больш для вузкага кола людзей, тэатралазнаўцаў. Паўстае другое пытанне: набыць квіток у касе часам вельмі цяжка. Калі да цябе выпадкова прыедуць госці з Польшчы, напрыклад, і ты задумаеш павесці іх на спектакль знакамітай берасцейскай “Белай Вежы”, не факт, што атрымаецца трапіць. Таму што з большага квіткі на маштабныя імпрэзы, ў рамках горада, загадзя распаўсюджваюцца на прадпрыемствах Берасця. Ёсць план, шаблон, стандарт у дробных асобных уладаў, які трэба выканаць.

Узгадалі і Брэсцкую крэпасць. Так, яна вабіць турыстаў сваёй унікальнасцю, непаўторнасцю і гісторыяй. Але наведванне крэпасці, як свята, даводзіцца толькі некалькі дзён у год: 9-га мая, на Дзень незалежнасці Беларусі і г. д. І вось тут Булаўскі задае занадта сціплае і адначасова правакацыйнае пытанне:

“Берасцейскае свята – гэта беларускае свята?” Што робяць берасцейцы для самабытнасці святаў, іх упрыгожванні беларускай гісторыяй?

Ёсць у Берасці аматарскія клубы, Юрась Сальнікаў нагадаў пра “Зюзя-фэст”, старажытныя беларускія танцы на этнавечарыне “ТОЛЬКІФОЛЬК”, манетны двор працуе на гарадскіх святах. У прынцыпе і ўсё.

Пасля Уладзімір Булаўскі зрабіў выснову, што берасцейскае свята – гэта абстрактная рэч і падзяліўся сваім досвітам актыўнай працы ў рамках горада Віцебска. А таксама параіў: па-першае, трэба наладзіць культурную камунікацыю ў Берасці і магчымасць уключэння гараджан у гарадскія мерапрыемства. Для гэтага патрэбны валанцёры, ролю якіх могуць выконваць студэнты ці школьнікі. Але публіка афлайнавай дыскусіі лічыць, што прыцягнуць валанцёраў і зацікавіць іх часам стала цяжка.

Як адзначыў актыўны берасцеец, Яўген Скрабутан, людзі не могуць на валанцёрствы зарабляць. А Аксана Бровач, журналіст-фрылансер, наадварот прыкмеціла:

ініцыятыва і ідэі ў моладзі ёсць, але яны не могуць доўгатэрмінова працаваць над тым, што прыдумалі. Насамрэч “затухаюць” маладыя берасцейцы хутка, стымулу няма.

Хтосьці выказаў думку, што ідэйныя людзі сядзяць на працы і не могуць адвесці дастаткова часу для валанцёрства. І што рабіць? Адказ залу – звольніцца.

Па-другое, журналісты таксама могуць паўплываць на сітуацыю з арганізацыяй гарадскіх святаў – трэба ісці з апытанкай да жыхароў на вуліцах горада. Уладзімір падзяліўся:

паўтары-два гады таму, калі мы рабілі першую дыскусійную пляцоўку ў Віцебску з мясцовымі ўладамі, была зроблена анкета. Кожны самастойна пісаў адказы і потым вынікі мы заносілі ў гарадскія адзелы ідэялогіі, культуры і г. д. Анкету запоўнілі каля 200 чалавек.

Пасля дыскусіі Ганна Архіпенка з Віцебску, актыўная дзяўчына, валанцёр пракаментавала свае ўражанні наконт актыўнасці берасцейцаў:

Па каментарах і адказах залы склалася ўражанне, што берасцейцы не актыўныя. Таму што ўсе чакаюць, што да іх прыдуць і за іх зробяць мерапрыемства. Не хапае вялікай культурнай платформы, дзе будзе арганізавана моладзь.

Па выніках, як заўсёды не хапае часу абгрунтаваць усе пытанні, а на некаторых спыніцца дакладней. Па-другое, добра было бы бачыць на такіх дыскусіях тых самых студэнтаў, актыўных гараджан, непасрэдна валанцёраў, каб яны таксама выказвалі свае думкі наконт зацікаўленнасці святамі.

Наогул, калі ў цябе ёсць ідэя, ініцыятыва, нават самая шалёная, гавары пра яе. Будзь актыўным і ўпартым!

 Аўтар тэксту і фотаздымкаў: Наталля Гарайкіна

Пакінуць адказ