Грамадства

ААН патрабуе забяспечыць бяспеку мяжы паміж Расіяй і Украінай

Савет Бяспекі ААН 28 жніўня правёў экстраннае паседжанне, прысвечанае сітуацыі ў Украіне.  Паводле  Праваабарончага цэнтра “Вясна”

un-sc-ukraine

Выступаючы перад сябрамі Савета Бяспекі, намеснік Генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях Джэфры Фелтман заявіў аб неабходнасці знайсці канструктыўны шлях урэгулявання крызісу, наступствы якога могуць выйсці далёка за межы Украіны.

Джэфры Фелтман праінфармаваў Савет Бяспекі аб актывізацыі дзейнасці ўзброеных групаў, якія аперуюць ў Данецкай вобласці. Паводле яго, гвалт, распаўсюдзіўся на паўднёвае ўзбярэжжа Украіны, у напрамку порта Марыупаль, які мае важнае стратэгічнае значэнне. Узброеныя фармаванні, у прыватнасці, захапілі горад Новаазоўск.

«Мы не можам ігнараваць трывожныя паведамленні пра ўдзел расійскіх вайскоўцаў у новай хвалі эскалацыі. Калі гэтыя дадзеныя пацвердзяцца, яны будуць сведчыць пра прамое парушэнне міжнароднага права і Статута ААН, – заявіў Джэфры Фелтман. – У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый няма незалежных інструментаў для праверкі гэтай інфармацыі, а Расійская Федэрацыя рашуча адмаўляе гэтыя паведамленні».

Намеснік Генеральнага сакратара таксама спаслаўся на паведамленні пра тое, што на тэрыторыю Украіны бесперапынна пастаўляецца зброя з Расіі.

Па словах Фелтмана, існуе неабходнасць у тэрміновым парадку забяспечыць трываласць мяжы паміж дзвюма краінамі пад міжнародным кантролем, як было абумоўлена на перамовах у Мінску. Фелтман нагадаў, што першыя двухбаковыя кансультацыі расійскіх і ўкраінскіх памежнікаў павінны адбыцца 30 жніўня.

Джэфры Фелтман падкрэсліў, што галоўная задача на бягучы момант – звярнуць назад эскалацыю баявых дзеянняў, якая назіралася на працягу апошніх двух сутак, і перайсці ад узброенага супрацьстаяння да палітычнага дыялогу.

Крыніца:  spring96.org

Пакінуць адказ