У суботу, 6-га верасня ў Берасці стартуе ІІ сезон стылёвых, сучасных і модных курсаў беларускай мовы “МОВА НАНОВА”. Тэма першага занятку вельмі лагічная для пачатку восені – адпачынак. Усе разам прыгадаем, як, дзе, з кім і калі адпачывалі сёлета.
Даведка: “МОВА НАНОВА” – бясплатныя курсы беларускай мовы. Існуюць са студзеня 2014 года. Заснавальнікі курсаў – філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. Акрамя Берасця курсы дзейнічаюць у Гародні, Бабруйску, Баранавічах, Нясвіжы, Магілёве, Віцебску, Маладзечне і Кіеве.
Больш ціквай інфармацыі можна знайсці на сайце: MOVANANOVA.BY
Курсы значна змяніліся знешне. Новае месца сустрэч неабыякавых беларускамоўных берасцейцаў – кавярня “Le Phare”, вуліца Леніна 50, насупраць Берасцейскага акадэмічнага тэатру драмы.
Мы пераехалі ў цэнтр гораду, бо лічым, што так зручней будзе дабірацца да месца заняткаў. Таму чакаем, што наведвальнасць курсаў павялічыцца – пракаментавала Воля Малафеечава, адзін з арганізатараў берасцейскіх курсаў.
Другая змена – час і дзень беларускіх сустрэч: па суботах, а 17 гадзіне. Плануйце правесці ў беларускай атмасферы прыкладна 2 гадзіны.
І даволі важная змена – вядоўцы курсаў.
Сярод вядоўцаў нарэшце з’явіўся філолаг! Таму зараз усе памылкі дакладна будуць выпраўлены – кажа арганізатарка Воля.
Таксама Воля Малафеечава падзялілася з чытачамі Дзедзіча, як прайшло яе лета 2014 ці змагла адпачыць так, як запланавала:
Сёлета я правяла свой адпачынак у роднай Беларусі. Наведала цікавыя гістарычныя мясціны ды пазнаёмілася з новымі беларускімі вёскамі. Падчас адной з вандровак споўнілася мая мара: я пабачыла Браслаўскія азёры! І як водзіцца, гэты адпачынак не абышоўся без музычнага фэсту.
Летась курсы праводзіліся з імпрэзаваным адпачынкам у выглядзе печыва, гарбаты ці кавы. А што будзе сёлета?
Спецыяльна выдзяляць час на кава-паўзу мы не будзем, але ў адным памяшканні з намі працуе кавярня – усміхаючыся адказала Вольга.
Арганізатары запрашаюць прыходзіць на першы занятак у вышыванцы (у любой, нават з прынтам) і атрымаць падарунак – фірмовы нататнік ад “МОВА НАНОВА”.
Сувязь: #mova1019, “Укантакце”, “Фэйсбук”.
Берасцейцы, прыемная кампанія, новыя знаёмствы і ўдалы вечар будуць!
Аўтар тэксту: Наталія Гарайкіна
Фотаздымкі з сацыяльных сетак курсаў