Непрыкметныя прыназоўнікі ды злучнікі надаюць выказваньню лёгіку, а часам сьведчаць пра глыбокія цывілізацыйныя разломы. Піша Вінцук Вячорка.
Беларусы жэняцца на кім ці з кім?
Дух мовы караніцца ня толькі ў непаўторным вымаўленьні, пазнавальнай інтанацыі ды адметных словах. Словы ў розных мовах могуць быць аднолькавыя ці падобныя, але зьвязваюцца міжсобку інакш. Непрыкметныя прыназоўнікі ды злучнікі (іх называюць «службовымі словамі») надаюць выказваньню лёгіку, а часам сьведчаць пра глыбокія цывілізацыйныя разломы.
Напрыклад, па-рознаму паводзіцца ў беларускай і расейскай мовах старажытны прыназоўнік па (по).
У нас прыназоўнік па, калі паказвае на месца або прастору, лягічна патрабуе меснага склону:
блукаў па горадзе, разьехаліся па ўсім краі, лазіла па дрэвах
А ў расейскай мове тут (чамусьці!) склон давальны:
по городу, по краю, по деревьям
Такая адпаведнасьць між мовамі захоўваецца і пры іншых значэньнях выразаў. Нельга сказаць па-беларуску «чытаць па складам» або «будаваць па старому праекту» — «па чаму».
Па-беларуску можна толькі па чым? — па складах, па праекце.
Але і гэтая адметная ад расейскай канструкцыя пабывала ахвяраю русіфікацыі савецкіх часоў. Канструкцыю «па + давальны склон» пачынаючы з 1930-х гадоў навязвалі ў граматыках, слоўніках, у дзяржаўнай прэсе.
Прычым, паколькі жывая мова супраціўлялася такому гвалту, нехта з прыдворных знаўцаў прыдумаў граматычны фінт: у адзіночным ліку замацоўваем расейскі давальны склон — «па загаду», а ў множным, так і быць, пакуль што пакінем беларускі месны — «па загадах».
Выбітны руплівец культуры мовы праф. Павел Сьцяцко (Горадня) прыгадвае, як русіфікатары скарыстоўвалі адміністрацыйныя рычагі.
У 1972 годзе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук камуністычныя ідэолягі з ЦК КПБ правялі гэтак званую «нараду па нармалізацыі беларускай мовы». Пасьля нарады Кандрат Крапіва (Атраховіч), віцэ-прэзыдэнт АН, за якім тады заставалася апошняе слова ў мовазнаўстве, надрукаваў у газэтах артыкул пад пагрозьлівай для «нацыянал-ухілістаў» назвай «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства». Гэта апалёгія розных моўных рысаў, найперш словаў, якія супадалі з расейскімі.
Крапіва, сярод іншага, легалізуе давальны склон у чужой для беларускае мовы функцыі («па гэтаму пытанню»). А заадно граміць Фёдара Янкоўскага, Алеся Каўруса і — натуральна — Паўла Сьцяцка. (І ўмацоўвае маё перакананьне: кожны, хто дбае пра культуру ўласнае мовы, мусіць грунтоўна чытаць гэтых аўтараў). Але, на шчасьце, на дварэ быў ужо не 1937 год. І мовазнаўцы засталіся жывыя, і мова ўзяла сваё.
Прыназоўнік як агрэсіўная расьліна
Бо прыназоўнік па ў дзьвюх мовах ужываецца і з рознымі склонамі, і ў розных значэньнях. І эвалюцыянуе па-рознаму.
Расейскія мовазнаўцы ўстрывожаныя. Прыназоўнік по ў іхнай мове, не раўнуючы як рыба ратан або расьліна баршчэўнік, бескантрольна распаўсюджваецца і займае чужыя «экалягічныя нішы»:
Предлог-агрессор стал вытеснять другие предлоги (для, за, о), а также заменять традиционные беспредложные конструкции. Если раньше писали: ателье ремонта, институт стандартизации, инженер-технолог, программа литературы, план сдачи молока, автомат для продажи папирос, отчёт о командировке, футбольная встреча и т. п., то теперь (особенно в газетах и в деловых документах) всё чаще применяют предлог по: ателье по ремонту, институт по стандартизации, инженер по технологии, программа по литературы, план по сдаче молока, автомат по продаже папирос, отчёт по командировке, встреча по футболу и т. п.
Кірыл Гарбачэвіч
Канцелярский характер придает высказыванию широко распространенное в настоящее время употребление предлога по вместо других предлогов; ср. примеры из периодической печати: Представители средств массовой информации получили ответы по интересующим их вопросам (вместо: …на вопросы); …Потребности по зерну не покрываются экспортом сырой нефти (вместо: потребности в…)…
А гэта піша знакаміты Дзітмар Разэнталь.
Хутчэй за ўсё, роспачная барацьба расейскіх стылістаў супраць прыназоўніка-паразіта марная. Але нам навошта пераносіць на беларускую глебу чужыя стылістычныя праблемы?
Выразы, якія абазначаюць рух у пэўным кірунку па пэўнай прасторы, у беларускай мове абыходзяцца без прыназоўнікаў і патрабуюць творнага склону. Гэта значыць, можна сказаць не па дарозе, але дарогаю.
Абыходзімся без прыназоўнікаў, калі апісваецца спосаб перадачы нечага:
По почте — поштай, по частям — часткамі.
Калі азначаем час, рэгулярнасьць падзеі:
По понедельникам — штопанядзелак, штопанядзелка. По ночам — начамі:
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць.
Дачыненьне да пэўнай справы таксама можа і павінна перадавацца без канцылярскага прыназоўніка:
Аддзел рэгістрацыі, міністэрства падаткаў і збораў, камітэт сьвяткаваньня юбілею, Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе.
Або карыстаемся прыназоўнікам, але ж не навязлым у зубах «па», а больш лягічным — залежна ад нюансаў значэньня:
Даклад на тэму, сшытак для матэматыкі (украінскія школьнікі падпісваюць «з математики», польскія проста — «Matematyka»). «По семейным обстоятельствам» — дзеля сямейных справаў. «По происхождению» — з паходжаньня, паходжаньнем. У цывілізаванай дзяржаве ўлада паводзіцца паводле закону, а не па паняціям.
Таксама пад сакрэтам, на свой густ, у працоўныя дні, на маю думку.
Затое прыназоўнік па ў беларускай мове працьвітае ў іншых сэмантычных палёх.
Ужываем па, кали хочам нешта сабраць, забраць, узяць: перад першым верасьня зайшлі па кветкі. Па-беларуску ісьці за вадой азначае ісьці за плыньню ракі ўніз. Да калодзежа ходзяць па ваду. Гэтаксама ў касу па заробак, зьвярнуўся па афіцыйны адказ, паехаў па танную кілбасу. Слушна кажа Павел Сьцяцко:
Канструкцыя з прыназоўнікам за пры дзеясловах [пайсьці, паехаць] невыразная зьместам, двухсэнсоўная. Калі пішуць (кажуць): «Сын пайшоў за бацькам», то гэта можа азначаць, што спачатку пайшоў бацька, а затым сын (сьледам за ім).
Таму – пайшоў па бацьку, напрыклад, у гараж.
Але цікава, што дзе па-расейску скажуць по ў значэньні мэты, па-беларуску маем зноў жа адметныя варыянты: пайшла ў грыбы, у ягады.
Суб’ект аб’екта б’е, але ветлівенька
Непрыкметныя прыназоўнікі могуць перадаваць істотныя адрозьненьні ў сьветапоглядзе нават моўна блізкіх народаў.
Калі мужчына пабраўся шлюбам, па-беларуску пра яго скажуць:
«Міхась ажаніўся з Наталяй»,
па-расейску —
«Михаил женился на Наталье».
Тут відаць розьніца ў статусе жанчыны: па-беларуску яна раўнапраўная ўдзельніца падзеі, а па-расейску — залежны, падпарадкаваны аб’ект. Гэтая розьніца калісьці фіксавалася ў законах і наказах:
Тэж абяцуем і прыракаем, іж княгінь, паняй, удоў, княжон, панен, дзевак, шляхцянак і ўсякага інога стану ражаю жэнскага, яка людзей вольных пад вольным панаваньнем нашым гаспадарскім у тым панстве ня маем ні за кога ґвалтам даваці бяз волі іх.
(Статут Вялікага Княства Літоўскага, 1588 г. Разьдзел 3, арт. 39)
Гэта значыць — жанчына як вольны чалавек сама вырашае, з кім пабрацца. Напісана ў Вільні.
Дакумэнт з той самай эпохі, што прадпісвае мужам беражліва абыходзіцца з жонкамі:
Ино плетью постегать по вине смотря, а побить не перед людьми, наедине (…) плетью с наказанием бережно бити (…) и за великое, и за страшное ослушание, и небрежение, ино соимя рубашку, плеткою вежливенко побить, за руки держа…
(Домострой. Сярэдзіна XVI ст. Напісана ў Маскоўскай дзяржаве.)
То трымаймася за свае прыназоўнікі.
Крыніца: svaboda.org