Па выніках новага конкурсу заявак Еўрапейская стыпендыяльная праграма для маладых беларусаў (ESSYB) падтрымае навучанне трыццаці студэнтаў па магістарскіх праграмах ва ўніверсітэтах Еўрапейскага саюза.
Пасля абвяшчэння першага раўнда заявак 180 маладых беларусаў ужо атрымалі стыпендыі ESSYB.
«Мы радыя паведаміць пра другі прыём заявак на ESSYB, праз які будуць даступныя яшчэ 30 стыпендый для беларускіх грамадзян, якія жадаюць атрымаць міжнароднапрызнаную паслядыпломную адукацыю ў Еўропе, пачынаючы з 2015/2016 навучальнага году», – пішуць арганізатары стыпендыі, якая фінансуецца Еўракамісіяй і Паўночнаму Савету міністраў.
Задумкай праграмы ESSYB дэкларуецца ўмацаванне асновы для будучага дэмакратычнага развіцця беларускага грамадства, праз наданне пакаленню маладых беларусаў доступу да вышэйшай адукацыі без ідэалагічнай перадузятасці і ў адпаведнасці з міжнародна прызнанымі акадэмічнымі стандартамі. Мэтай праграмы з’яўляецца тое, што стыпендыяты пасля заканчэння вучобы вернуцца ў Беларусь і будуць імкнуцца стаць лідарамі і адказнымі грамадзянамі, якія змогуць унесці істотны ўклад у мадэрнізацыю Беларусі.
У новым разглядзе заявак на стыпендыі будуць прымацца пад увагу толькі звароты за падтрымкай на навучанне па Магістэрскіх праграмах, стыпендыі на бакалаўрыят падтрыманыя не будуць.
Кандыдаты на ESSYB змогуць падаць заяўкі з 17 лістапада (11.00 GMT+2) да 11 снежня (17.00 GMT+2)
Каб мець права на атрыманне ESSYB, неабходна:
- Мець беларускае грамадзянства
- Узрост 18-30 гадоў
- Быць выпускніком BA або эквівалентаў у момант падачы заяўкі на ESSYB
- Мець магчымасць пацвердзіць сваю папярэднюю адукацыю праз прадастаўленне ўсіх абавязковых дакументаў
- Не быць раней стыпендыятам OESS або ESSYB
- Мець магчымасць вучыцца на англійскай ці іншай мове ва універсітэце паводле свайго выбару.
Буйная праграма фінансавання адукацыі беларусаў пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза і Паўночных краін упершыню стартавала ў 2011 годзе. Тады на навучанне беларусаў па праграме «Адкрытая Еўропа» было выдаткавана 3.6 млн еўра. У 2013 годзе адкрылася новая праграма ESSYB.
Крыніца: generation.by