Адукацыя

Адукацыя ў Велікабрытаніі: выхаваць прагу да самастойнага навучання і напісаць некалькі сотняў эсэ

Тое, што будзе атрымоўваць дыплом магістра менавіта ў Велікабрытанні, Георгій Плашчынскі вырашыў для сябе яшчэ падчас навучання ў МДІМА (МГИМО). Пасля заканчэння расійскага ВНУ, ён спыніў свой выбар на LSE  (London School of Economics and Political Science) – адной з лепшых навучальных устаноў у галіне сацыяльных навук.460161380c9811e283e822000a1c9e2c_7-400x400

Для паступлення спатрэбілася сабраць пакет дакументаў: 2 характарыстыкі ад выкладчыкаў з універсітэта, дыплом і акадэмічны транскрыпт на англійскай мове,  здаць міжнародны моўны тэст, напісаць матывацыйны ліст і дадаць СV.

Здаваць эсэ кожны тыдзень

Тэрмін навучання ў магістратуры – 1 год. Напрыканцы навучання студэнты пішуць экзамены і абараняюць магістэрскую працу. Падчас вучобы – 1-2 лекцыі і 1 семінарскі занятак на тыдні па кожнаму з прадметаў курсу. Час ад часу праводзяцца кінапрагляды і дыскусіі, дадатковыя лекцыі, на якія запрашаюць аўтарытэтных асобаў. Галоўная «фішка» навучання – напісанне эсэ, памер якога складае ад 500 да 2500 словаў у залежнасці ад складанасці і мэтаў курса.

Сярод іх вылучаюць summative эсэ , якое пішуць звычайна кожны тыдзень, і formative эсэ,  што здаюць на адзнаку некалькі разоў на год. Менавіта такая форма кантрольных прац з’яўляецца якасным паказчыкам ведаў, дазваляе убачыць не толькі тое, што вывучыў студэнт, але і яго ўменне аналізаваць матэрыял.

Падрыхтавацца да экзамена на 100% немагчыма

Эсэ студэнты пішуць і на экзаменах. Аднак  з той розніцай, што іх тэмы і фармуліроўкі загадзя невядомы. Таму экзамен для навучэнца LSE – заўжды сюрпрыз. Для айчыннага студэнта гэты падыход незразумелы, студэнты ж лепшых навучальных устаноў Велікабрытаніі ўжо прызвычаіліся.

«Нельга быць падрыхтаваным да экзамена на 100%, – прызнаецца Георгій. – Гэта зроблена, каб стымуляваць у студэнтаў прагу да самастойнага навучання, каб падрыхтоўка да іспыту не ўяўляла сабой завучванне адказаў на пытанні з папярэдніх курсаў. Так студэнты вучацца вырашаць новыя задачы, ужываючы навыкі, якія яны атрымалі падчас навучання».

Фармулёўкі заданняў – гэта тэзісы, якія ў эсэ неабходна падцвердзіць або абвергнуць.

На іспыт нельга прыносіць ніякіх рэчаў, уключаючы паперу, асадак і мабільны тэлефон. Усе неабходнае студэнтам выдаецца. Калі кожны з навучэнцаў зойме месца ў аўдыторыі, экзамен абвяшчаюць пачатым. З гэтага моманта ўжо можна перагарнуць паперку і прачытаць фармулёўкі заданняў для эсэ. ­Калі прадмет выкладаўся паўгады, на абароце будуць 8 пытанняў, з якіх прыйдзецца адказаць на 2. Калі прадмет вывучаўся студэнтам год, з 12 пытанняў трэба будзе абраць 3.

Чаму англійская адукацыя – адна з лепшых?

Складаны і вельмі патрабавальны падыход да навучання робіць англійскую адукацыю адной з найлепшых у свеце. Аднак універсітэцкі статут дастаткова дэмакратычны: вучыцца студэнтаў не прымушаюць. Лекцыі можна не наведваць. А калі ты прыйдзеш на семінар не падрыхтаваным – выкладчык дакараць не будзе. Аднак ужо на прыканцы года будзе бачна, хто на што працаваў.

У Велікабрытаніі ўведзена 100-бальная сістэма навучання. Выдатнай адзнакай лічыцца, калі студэнт набірае ад 70 балаў і вышэй. Аднак атрымаць такую адзнаку – не проста.

«Недастаткова добра ведаць матэрыял праграмы, ці напісаць эсэ са спасылкай на творы, даты іх стварэння і аўтараў. Каб атрымаць «выдатна», трэба мець арыгінальны падыход.  Іншы варыянт – прачытаць шмат дадатковай літаратуры, каб умець пераасэнсаваць тэму і заданне», – дадае Георгій.

Самая буйная палітыка-эканамічная бібліятэка таксама тут

Няглядзячы на тое, што большасць матэрыялаў па навучальных курсах даступна для студэнтаў  у электроннам выглядзе, адно з самых цікавых месцаў ва універсітэце – бібліятэка. Яе рэканструкцыяй і перабудовай займаўся Норман Фостэр. Той самы, які спраектаваў будынак знакамітага хмарачоса The Gherkin. Фонды бібліятэкі складаюць больш за 4 мільёны тамоў, таму яна лічыцца найбуйнейшым у свеце спецыялізаваным  зборам палітыка-эканамічных  выданняў.

«Тут можна знайсці літаратуру нават на рускай, або на беларускай мовах, – распавядае Георгій. – Таксама ў бібліятэцы знаходзіцца шмат разнастайных дакументаў. Напрыклад, аднойчы на паліцы я знайшоў бюджэт Расійскай імперыі 1832 года».

Жыццё і навакольны каларыт ангельскай сталіцы

«Лондан – дастаткова інтэрнацыянальны горад. У ім цяжка знайсці брытанца, – жартуе Георгій. – На вуліцах можна пачуць амаль любую мову – брытанскую, французскую,  арабскую і г.д. У LSE можна сустрэць студэнтаў як са ЗША, так і з Карэі».

Нароўні з іншымі культурамі ў Велікабрытаніі існуе дастаткова вялікае беларускае камьюніці, якое збіраецца на літаратурныя і культурныя вечарыны, адзначае беларускія святы разам.

Акрамя этнічнай палітры ў Лондане, безумоўна, захапляе архітэктура. «Месяцаў 7-8 я не мог прызвычаіцца да прыгажосці навакольных замкаў. Звычайна, калі вяртаўся з універсітэта ў інтэрнат, стараўся абіраць заўсёды новы шлях, каб пабачыць больш прыгожых будынкаў і архітэктурных помнікаў», – распавядае Георгій.

У якасці транспарта студэнты абіраюць ровары ці ходзяць пешшу. Праезд у грамадскім транспарце можа ўдарыць па кішэні беларуса. Студэнцкі праязны на метро на месяц каштуе прыкладна 100 – 140 фунтаў. Кошт аднаразовай паездкі складае 2,5 – 4 фунта.

Жыллёвае пытанне вырашаюць інтэрнаты. Аднак, чым пазней падаеш дакументы, тым больш месцаў будзе ўжо размеркавана. Кошт студэнцкага жылля залежыць ад дальнасці знаходжання інтэрната ад універсітэта і складае прыкладна 100 – 200 фунтаў на тыдзень. Можна знайсці варыянт і за 86 фунтаў, але ў такім выпадку прыдзецца дзяліць пакой з суседам. Самы танны аднамесны нумар каштуе 116 фунтаў на тыдзень. Пакоі утульныя, але без выкрутасаў. Студэнты могуць карыстацца інтэрнэтам, аднак, каб паглядзець тэлебачынне (нават праз інтэрнэт), трэба набыць ліцэнзію. Яна каштуе каля 135 фунтаў на месяц. Кожны пакой з’яўляёцца часткай блока, у якім 2 прыбіральні і велізарная кухня з лядоўняй і ўсім неабходным для гатавання ежы.

Вольны час і грамадзянская жыцце

У пабах, што знаходзяцца недалека ад універсітэта, звычайна можна пабачыць выкладчыкаў. Некаторыя са студэнтаў спецыяльна завітваюць туды, каб скарыстацца нефармальнай абстаноўкай і паразмаўляць ды выпіць кубак піва з педагогам.

Ва ўніверсітэце таксама існуе вялікая колькасць цікавых «пазакласных» клубаў і прапаноў, да якіх можна далучыцца.

«Я браў удзел у выбарчай кампаніі на пост мэнэджара студэнцкага савета па працы з магістрантамі, што распачалась ужо праз 2 тыдняў з пачатку навучання, – распавядае Георгій. – Трэба было дэтальна прадумаць выбарчую кампанію: распрацаваць сайт, зрабіць улеткі, прадумаць выбарчую стратэгію і г.д.».

Цікавым мерапрыёмствам, у якім браў удзел Георгій, быў Тыдзень расійскага бізнэса. Яё наведвала шмат знакамітых спікераў. Георгій непасрэдна займаўся запрашэннем на канферэнцыю былога Міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына.

Дзе ўзяць грошы на навучанне?

Георгій паспрабаваў падацца на стыпендыю OESS (зараз – ESSYB), што фінансуецца Еўрапейскай камісіяй і адмініструецца Саветам міністраў паўночных краін, і неўзабаве яе атрымаў. Для ўдзелу ў конкурсе трэба было напісаць матывацыйны ліст, пераканаць арганізатараў у адпаведным узроўні валодання ангельскай мовай і магчымасці навучацца згодна стандартам абранага універсітэта.

«Адбор  стыпендыянтаў адбываецца, як правіла, па 2 асноўных крытэрях: акадэмічныя поспехі і дасягненні ў сферы грамадзянскай супольнасці, – распавядае Георгій. –  Я б параіў беларусам, якім пашчасціць атрымаць стыпендыю, па максімуму ацэньваць дадзены шанец – бясплатна павучыцца ў любым з еўрапейскіх ВНУ. Бо ў шматлікіх выпадках людзі робяць выбар не на карысць якасці адукацыі і магчымасцяў, якія яна прадастаўляе, а, кіруючыся такімі фактарамі, як блізасць універсітэта да дому,  абіраюць для навучання бліжэйшыя краіны-суседкі».

Іншы фактар, які разглядаюць суайчыннікі, – суадносіны выдаткаў да сумы стыпендыі. Як прызнаецца Георгій, навучанне і пражыванне ў Лондане дарагое, і стыпендыя яго цалкам не пакрывае. Каб дазволіць  вучыцца ў англійскай ВНУ, прыйдзецце «не проста ўкладаць свае грошы, а нават – загадзя іх адкладаць на спецыяльны рахунак да пачатку навучання. Але гэта таго варта!»

ampby.org

Пакінуць адказ