У Беларусі з’явіўся турыстычны даведнік па Палессю, з экскурсійнымі маршрутамі, якія распрацаваныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Гэтым выданнем, рэгіянальная арганізацыя інвалідаў-вазочнікаў на Піншчыне, завяршае праект па інтэграцыі інвалідаў у айчынны турызм.
Куратарка праекту Алена Макарчук, кажа, што даведнік карысны як для турыстычных фірмаў, так і для інвалідаў:
– Мы распрацавалі шэсць маршрутаў па горадзе Пінску і Пінскім раёне для наведвання іх інвалідамі. На ўсіх шасці турыстычных маршрутах будуць кавярні, аграсядзібы,сталовыя – даступныя для інвалідаў.
“Мы хочам быць на роўных з усім грамадствам”, – кажа чалец пінскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў Валерый Цімакін:
– Вада камень точыць. Усё адно трэба праводзіць такія мерапрыемствы, заяўляць пра сябе ў любой сферы. Мы хочам быць нароўні з усім грамадствам. Як кажуць, інвалідамі нас робяць не нашыя фізічныя недахопы, а асяроддзе, у якім мы знаходзімся. Таму мы павінны працаваць па ўсіх накірунках.
Магчыма, гэта першы крок ва ўзаемадзеянні паміж сектарам айчыннага турызму і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.
У наступным годзе плануецца працягваць інтэграцыю інвалідаў у турызм.