У недабудаваным Доме еўрапейскіх сустрэч адсвяткавалі Новы год, як сто год таму. Госці апрануліся ў гарадскія і вясковыя строі на тагачасны манер, танцавалі старыя танцы, і нават гаворка за сталом часта набывала характар жартоўванага абмеркавання актуальнага для 1914 года грамадскага і прыватнага жыцця.
Арганізатарам гэтай імпрэзы сталася агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. Асноўным жа завадатарам была Алена Каховіч, якая тлумачыць, чаму Дом еўрапейскіх сустрэч вярнуўся на стагоддзе назад.
– Вельмі моднымі з’яўляюцца аўтэнтычныя беларускія імпрэзы. Мы падумалі, што і сто год таму была такая ж хваля беларусізацыі. Шмат яшчэ ёсць паралеляў, звязаных і з вайной, і з культурай, таму было вельмі дарэчы зрабіць менавіта такую тэматыку.
У планах “Дзедзіча” праводзіць тэматычныя святкаванні штогод. Сёлета Залессе сустракала Новы год з беларускай моладдзю ўпершыню.