Ад задумкі да прэм’еры беларускай оперы, прысвечанай жыццю Міхала Клеафаса Агінскага, прайшло амаль дзесяць гадоў. Менавіта столькі часу спатрэбілася аўтарам для таго, каб спачатку пераканаць улады ў неабходнасці існавання гэтага праекта, а потым – ажыццявіць яго.
Але ж, заўважыў музычны кіраўнік, заслужаны дзеяч культуры і дырэктар Маладзечанскага музкаледжа Рыгор Сарока, усё атрымалася.
І атрымалася нядрэнна. Маладзечанскі музычны каледж увогуле праводзіць плённую работу дзеля таго, каб ушаноўваць імя нашага знакамітага продка. Па-першае, сам каледж носіць яго імя. Па-другое, у Маладзечне ўстаноўлены помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму. Опера «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт» – яшчэ адзін вынік гэтай працы.
Опера на беларускай мове – гэта ўжо дзіва. Опера, якую выконваюць навучэнцы і выкладчыкі каледжа, – дзіва падвоенае. І хаця ў спецыялістаў, відаць, узнікне шмат пытанняў да аўтараў і выканаўцаў, гледачы адрэагавалі апладысментамі. І калі не закранаць змест, то галоўная – музычная – частка оперы сапраўды гучала прыемна. Але па змесце нітка аповеду месцамі гублялася. І гэта выдавала правінцыяльнасць дзеі.
– Я вельмі ўдзячны Ліліі Батыравай, якая запрасіла нас на музычныя вечары ў Брэст, – расказаў кіраўнік і дырыжор аркестра Рыгор Сарока. – З Брэстам у нас шмат сувязяў, тут многа знаёмых, і таму мы былі рады прыехаць і выступіць на гэтай сцэне. І прыехалі не з пустымі рукамі. Свайму даўняму сябру дырыжору аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра Аляксандру Сасноўскаму я перадаў партытуру нашай оперы.
– Польшча таксама цікавіцца: дзе можна набыць экзэмпляр?! – пачуўся гучны голас з сярэдзіны зала. Гэта народны артыст Расіі Аляксандр П’яўка спытаў за сваю калегу, што сядзела побач. Рыгору Сароку нічога не заставалася, як перадаць у зал свой экзэмпляр з рабочымі нататкамі.
Опера расказвае пра апошнія дні Міхала Агінскага ў маёнтку Залессе, адкуль паплечніка Касцюшкі і аўтара знакамітага паланэза выслалі па-за межы Расійскай Імперыі. Палітычная інтрыга, калі Агінскі разам з Касцюшкам намагаліся спыніць падзелы Рэчы Паспалітай, праходзіць фонам. На першым плане – любоўныя падзеі. Аднак тэма кахання ў оперы не задалася. Агінскі няроўна дыхае да італьянскай прымы Катарыны Боні, яго жонка Марыя – да мастака Шыманьскага, пляменнік таксама заглядваецца на Катарыну. Між іншым, Наталля Шыбко, якой дасталася роля Катарыны, уразіла прысутных сваім выдатным голасам.
На жаль, усе гэтыя інтрыгі падвісаюць у паветры, калі Агінскага з сям’ёй вымушаюць пакінуць межы краіны. Вядома, у оперы галоўная гераіня – гэта найперш музыка. І нейкай глыбокай драматычнай ігры мы не чакалі. Але ж гісторыі хацелася больш эфектнай. Дапускаю, што гэта толькі маё суб’ектыўнае меркаванне. Тым больш што двойчы выкананы сімфанічным аркестрам з Маладзечна паланэз «Развітанне з Радзімай» стаў выдатным клічнікам другога музычнага вечара студзеня.