Медыя

Не загаснуць Zolki ў небе

Прадстаўнікі новага беларускага року Zolki band cтварылі магутную рэч – альбом-антыўтопію пра “Доўгі-доўгі дзень”.

Гэты гурт ня ўзяўся зь ніадкуль. У яго ўваходзяць музыкі, якія ўдзельнічалі ў знакавых берасьцейскіх камандах – Intra muros, D_tails і “Дай Дарогу!”. Да выхаду дэбютнага дыску Zolki Band засьвяціўся ў сынгле гурта Landau. Яны выканалі разам песьню “Сьнежань”, прызнаную найлепшай у музычным сэзоне 2013/2014 на Tuzin.fm. Але граюць яны музыку, зусім не падобную да сваіх ранейшых гуртоў. Zolki band прадстаўляюць новы беларускі рок, які абавязаны свайму зьяўленьню падзеям сьнежня 2010 году. Такое мог пісаць Яўген “Ай-ай-ай” Фёдараў з Tequilajazzz, каб нарадзіўся на памежжы і быў прыціснуты мясцовымі рэаліямі. Прыціснуты, але не раструшчаны.

zolki2-800x533

У музыцы Zolki band поўна адчаю і бясьсільля, злосьці ды сумнай іроніі. Гэта калі хочацца ўзьняцца па-над падзеяй, а можа нават пакпіць з усёй гэтай прыкрай будзёншчыны, але на вачах праступаюць сьлёзы і хочацца занурыцца ў сябе, а сумленьне не дазваляе. Калі ёсьць адчуваньне, што за табою сочаць, але на злосьць не хаваешся, а наадварот ­– крычыш на ўсю моц, каб было бачна, што ты тут і думаеш нешта моцна нехарошае пра ўсё, што цябе атачае. Уяўляецца, што менавіта ў такім стане – роспачы, безнадзейнасьці, але пры гэтым зь фігай у кішэні – і паўсталі гэтыя песьні. “Доўгі-доўгі дзень” можна разглядаць як падарожжа па глыбінях сьвядомасьці. Ёсьць адчуваньне цэласнасьці праграмы ды ўсяго творчага канцэпту Zolki band, але за іх рухамі (думкамі) ня так і проста ўсачыць. Тэксты іх сканструяваныя вельмі дзіўным чынам і зь першага разу не расчытваюцца. Яны поўняцца цытатамі, адсылкамі, алюзіямі, але выказана ўсё так, што цалкам можа выглядаць на ўласную прыдумку. Як у песеньцы з словамі “заўтра прыйдзе новы дзэн, усё будзе дрэнна” ці ў трэку “Унутры сьцен”. Наўрад ці яны выступаюць вястунамі апакаліпсісу, проста ім трошкі баліць з той нагоды, што сьвет коціцца ў тартарары. Па агульнай атмасфэры гэтая праца нагадала альбом Ulis “Люстэрка” і трошачкі “З Новым годам” Zet.

Zolki band зроблены на выдатным тэхнічным узроўні, што ў прынцыпе для дэбютных альбомаў нехарактэрна. Берасьцейцы знайшлі свой гук адразу – іх праграма выглядае надзвычай сьпелай і добра прапрацаванай. Безумоўны рэспект саўндпрадусару гэтага альбому.

Гітоў каманда ня піша, але безумоўна вылучаюцца з альбому песьні “аDaM” і “B.E.Z.R.A.Z.L.I.C.H.I.E. – heta tradycyja”, на якую зьняты кліп. Зьвяртае на сябе і проста бездакорны беларускамоўны кавэр на Moloko. Вельмі цікава пачуць іх ужывую.

Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 10
Аздабленьне: 10

budzma.by

Пакінуць адказ