Дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі” берасцейцы змаглі даведацца пра некаторыя цікавосткі беларускай археалогіі.
Аўтар кнігі “Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі” у папулярнай форме прадставіў найбольш цікавыя знаходкі беларускіх скарбаў , пазнаёміў з гісторыяй вывучэння археалагічных помнікаў эпохі Сярэднявечча, а таксама з вынікамі ўласных археалагічных даследаванняў апошніх гадоў.
Мікалай Плавінскі распавёў берасцейцам аб прычынах і абставінах ухавання скарбаў, таямніцах, якія хаваюць у сябе курганы, раскопках замкаў і, галоўнае, аб людзях, якія вывучаюць і аднаўляюць для нас мінуўшчыну – аб нешматлікіх беларускіх археолагаў.
Як адзначыў сам аўтар, ягонай галоўнай мэтай было ў папулярнай форме данесці да чытачоў вынікі найноўшых даследаванняў сярэднявечных археалагічных помнікаў Беларусі.
Прэзентацыя працягнулася доўгай і эмацыйнай дыскусіяй, тэматыка яе была разнастайнай – ад высокаінтэлектуальнай тэмы пра чорных капальнікаў і заканадаўства ў сферы аховы помнікаў да спрэчак аб найсмачнейшай беларускай тушонцы.