Культура

Мінскі грэка-католік напісаў праграму для стварэння арнаменту

Маляваць арнамент можна наўпрост у браўзеры.

Праграміст Аляксандр Красоўскі напісаў праграму для зручнага малявання беларускага арнаменту. Запусціць яе можна ў любым браўзеры з падтрымкай Flash.

26592557cec344d5b5b242a1353cc260_l-2tlyd

Праграма дазваляе хутка маляваць арнамент разрозненнем да 3000х3000 пікселей і захоўваць атрыманы малюнак на камп’ютар.

Як распавёў «Нашай Ніве» Аляксандр, на стварэнне праграмы яго падштурхнулі водгукі на дызайн сайта katolik-gomel.by. Увесь сайт стылізаваны пад вышыванку, але арнамент рабіўся ў нязручнай праграме. Аляксандр вырашыў спрасціць працэс.

«Па-другое, хацелася неяк натхніць людзей пачуць сябе беларусамі, — дадае ён. — У век інфармацыйных тэхналогій не заўсёды можна дабрацца да стварэння ручніка. А вось нешта прыдумаць і стварыць на камп’ютары можа кожны».

Праграму можна выкарыстоўваць не толькі для вэба: «Гэта можа быць цішотка, кубак, малюнак у кнізе. Таксама можна проста стварыць свой арнамент і размясціць яго ў сацыяльных сетках. Усе справа вашай фантазіі».

Найперш праграма пытае разрозненне будучага малюнка — шырыню і вышыню ў пікселях. Пры маляванні можна абраць колер (трэба ўводзіць код колера, які можна даведацца, напрыклад, тут), схаваць сетку для малявання і межы пікселей у выніковым малюнку.

Шукаць прыклады арнаментаў ён рэкамендуе ці ў кнігах, ці на сайце ornaments.shuma.by.

«Насамрэч, праект не задумваўся як глабальны, але калі ўжо людзі карыстаюцца, буду развіваць — кажа Аляксандр. — Амаль зрабіў захоўванне і вектарны фармат, паправіў шмат недарэчнасцей».

Таксама аўтар праграмы будзе рады дапамозе валанцёраў ці грашовай падтрымцы — тады праграма зможа атрымаць якасныя пераклады, наборы арнаментаў, а тое і ўласны сайт ды версіі для смартфонаў. «Калі сярод чытачоў знойдецца чалавек, які валодае тыпаграфіяй, што друкуе на цішотках і кубках, у мяне есць для яго цікавая прапанова», — дадае ён.

Зацікаўленых Аляксандр просіць пісаць на [email protected].

nn.by

Пакінуць адказ